У Менску прайшла прэзентацыя новай суполкі - “Інбелкульт”, што ўзяла назву культурнай установы, з якой звязваюць беларусізацыю ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.
Новая генерацыя культурных дзеячаў расшыфроўвае яе як “Інтэрнэт беларускай культуры”. Яе заснавальнікі спадзяюцца, што з новым “Інбелькультам” у будучыні звяжуць і беларусізацыю пачатку 21-га стагоддзя.
“Інбелкульт”, які цяпер расшыфроўваецца, як “Інтэрнэт беларускай культуры” , існуе не толькі ў віртуальнай прасторы. На задуму кіраўніка суполкі Алеся Мазаніка, яна мусіць стварыць пляцоўку для аб’яднання ўсёй беларускай культуры.
- Я сапраўды спадзяюся, што гэтая суполка, гэтая імпрэза, стануць новай хваляй беларусізацыі і прыцягнуць да беларускай культуры новых незалежных людзей, якія ў прынцыпе вагаюцца пакуль што і шмат чаго не ведаюць: не ведаюць пра нацыянальныя культурныя традыцыі, не ведаюць пра існаванне нашых музыкаў і пісьменнікаў, і дзякуючы нам яны пра гэта даведаюцца і будуць больш паважаць і любіць наш край.
Музыкі, паэты, мастакі і гісторыкі ды ўсе тыя, хто працуе на карысць беларускай культуры будуць збірацца штомесяц разам у кавярні “Валерыя”, што месціцца ў самым цэнтры беларускай сталіцы. Раз на тры месяцы суполка “Інбелкульт” плануе праводзіць больш маштабныя мерапрыемствы.
Радыё Рацыя.








Каментары