14-04, 13:40

Радзівілаўскі замак можа быць выкраслены са спісу UNESCO

Падчас рэстаўрацыйных працаў у Радзівілаўскім замку ў Нясвіжы разбураная 300-гадовая галерэя. Польскія гісторыкі кажуць, што гэтага не павінна было здарыцца.

- Не павінна было да гэтага дайсці. Пад гэтай часткай замку быў нестабільны грунт, але гэта не прычына што-небудзь бурыць, - сцвярджае прафесар з Варшаўскага універсітэту Тадэвуш Бэрнатовіч.

Польскі гісторык Тадэвуш Бэрнатовіч падрыхтаваў неабходную дакументацыю, якая дазволіла ўнесці ў 2005 годзе рэзідэнцыю ў Нясвіжы ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO.

У выніку разбурэння часткі замку цалкам знікла памяшканне 300-гадовай галерэі.

- У размовах з беларусамі я шмат разоў падкрэсліваў, што пад гэтай часткай замку неабходна ўмацаваць фундамент.. Але мы нават думкі не дапускалі пра разбурэнне 300-гадовых падмуркаў.

Беларускі бок аднак не бачыць ніякіх праблемаў. Сяргей Друшчыц, які адказвае за рэстаўрацыю замка, распавёў у інтэрв’ю “Комсомольской правде в Белоруссии”, што сцяна была не разбураная, а разабраная, і цэгла складзеная такім чынам, каб пасля выкарыстаць яе для адбудовы.

Тадэвуш Бэрнатовіч баіцца, аднак, што адбудова не будзе адпавядаць арыгіналу, а будзе ў духу варыяцый на тэму архітэктуры XVIII стагоддзя. “Беларусы ўжо даказалі, што ў гэтай справе фантазіі ім хапае, - піша польскае выданне “Gazeta Wyborcza”. – Пасля пажару 2002 года, над вежай, у месцы барокавага купалу з’явілася канструкцыя падобная на царкоўны купал”.

“Пасля гэтых перабудоваў наколькі верагодна, што замак можа застацца ў Спісе сусветнай культурнай спадчыны UNESCO? - задаецца пытаннем “Gazeta Wyborcza”.

Прафесар Бэрнатовіч лічыць, што прычын для хвалявання няма. У спісе UNESCO знаходзіцца цэлы комплекс, у які ўваходзіць касцёл, замак і парк. Спіс зроблены такім чынам, што падкрэсліваецца гістарычная, а не архітэктурная каштоўнасць. Гэта значыць, што з XVIII стагоддзя да 1939 году комплекс знаходзіўся ў адных руках.

Што будзе з гістарычным месцам Нясвіжа пасля беларускай “рэканструкцыі” застаецца толькі здагадвацца і чакаць…

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя