16-04, 17:11

БНФ узнагародзіў за заслугі ў пабудове свабоднай краіны

Прэміі партыі БНФ уручаліся ў падкрэслена сціплай абстаноўцы, без цырыманіяльнай помпы і пафасных слоў. Адкрываючы імпрэзу старшыня партыі Лявон Баршчэўскі адзначыў, што шматстайныя дзяржаўныя ўзнагароды цягам 15 год не заўжды атрымліваюць тыя, хто таго варты, а прэміі БНФ якраз і пакліканыя адзначыць заслугі тых, хто робіць унёсак у пабудову свабоднай краіны. У выніку былі абвешчаныя пераможцы ў трох намінацыях. 

Прэмію ў намінацыі “Адукацыя” атрымаў Зміцер Салаўёў з Магілёву. Менавіта ён узначаліў групу бацькоў, якая дамаглася ўрэшце рэшт адкрыцця ў Магілёве беларускамоўнага садка. Першага, дарэчы, у гэтым абласным цэнтры. Прымаючы з рук Лявона Баршчэўскага бронзавую статуэтку з выявая вершніка на кані, лаўрэат прысвяціў сваю ўзнагароду усім, хто не застаўся ў баку ад гэтай праблемы.

- Гэта ўзнагарода ўсім бацькам, якія змагаюцца з гэтай уладай дзеля таго, каб іх дзеці вучыліся на сваёй роднай мове.

Пераможца ў намінацыі “Грамадская чыннасць” Зміцер Жалезнічэнка не здолеў прысутнічаць у гэты дзень у залі партыі БНФ. Але Лявон Баршчэўскі сказаў, што днямі дэлегацыя партыі абавязкова наведае актывіста і перадасць яму сімвалічную ўзнагароду за намаганні па беларусізацыі войска.

Пераможца ў намінацыі “Культура” – спявак Зміцер Вайцюшкевіч – выйшаў на сцэну і падзяліўся сваёй марай.

- Хачу паездзіць па Беларусі з канцэртамі. Не магу дараваць Ірыне Дарафеевай “калхозныя” канцэрты, беларускае слова там губляецца. Здаецца, трэба ехаць у народ.

У гэты ж вечар былі абвешчаны і лаўрэаты паэтычнага конкурсу, які партыя БНФ абвясціла яшчэ на пачатку году. Пераможцам быў названы Аляксей Белы. Ён нават сімвалічны прыз атрымаў – 90 долараў, бо конкурс праводзіўся з нагоды 90-годдзя БНР.

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя