Рок-фэст на беларуска-літоўскай мяжы “Be2gether” адбудзецца ў другі раз. Гэтым разам ён пройдзе ажно на трох сцэнах. Арганізатары сёлета не выстаўляюць аніякіх палітычных лозунгаў і прысвячаюць фэст Вільнюсу - “Be2gether” уключаны ў спіс мерапрыемстваў праграмы “Вільнюс – культурная сталіцы Еўропы-2009”.
Рок-фэст пройдзе ў тры дні – з 14 па 17 жніўня ў Нарвелішках, у некалькіх дзесятках метраў ад беларускай мяжы. Выступоўцы – гурты з усяго свету – будуць размеркаваныя па трох сцэнах пад адкрытым небам, плануецца яшчэ і клубная пляцоўка. Арганізатары пакуль не абвяшчаюць спіс хэдлайнераў “Be2gether-2008”. Праграмны дырэктар фэсту Давід Блюўштэйн кажа, што планавалася запрасіць у Нарвелішкі гурт Metallica ды яшчэ колькі сусветных зорак, але перамовы яшчэ не скончаныя.
- Так, я вёў перамовы з Metallica, хацелі іх бачыць на фэсце, але ў іх тур сканчаецца за 10 дзён да пачатку нашай імпрэзы. У астатнім на 80% праграма ўжо складзена, але пакуль перамовы нескончаныя з усімі, абвяшчаць хэдлайнэраў не будзем.
Сярод удзельнікаў буйнога еўрапейскага фэсту па традыцыі ўжо будуць і беларусы. Летась у “Be2gether-2008” узялі ўдзел гурты “Ляпіс Трубяцкой”, Drum Ecstasy і IQ48. Давід Блюўштэйн кажа, што сёлета іх будзе болей. Праўда, на галоўнай сцэне наўрад ці нехта з іх выступіць.
- Магу сказаць, якія беларускія дыскі стаяць на маім стале – Зміцер Вайцюшкевіч, “Крамбамбуля”, “Серебряная свадьба”, beZ bileta. Відаць што, беларускія гурты будуць выступаць на трэцяй сцэне. У Беларусі тая ж праблема, што і ў літоўцаў – няма гуртоў, годных першай сцэне, на якой будуць выступаць вядомыя заходнія каманды.
Адзін з арганізатараў фестывалю Антон Нікіцін дадае, што сёлета будзе выяўлены яшчэ большы клопат пра гледачоў – нават адмысловы дзіцячы садок будзе працаваць, у якім бацькі змогуць пакінуць сваіх дзетак. А мастакі дык наогул могуць прыязджаць у Нарвелішкі за 10 дзён да фэсту.
- Для ўсіх цікаўных творцаў будуць зладжаныя творчыя майстэрні. Ужо на пачатку жніўня можна прыязджаць у Нарвелішкі ды паспрабаваць сябе ў розных відах мастацтва, а паказаць свае працы будзе магчымасць на самім фестывалі.
Пакуль што квіткі “Be2gether” можна атрымаць, як бонус да DVD-фільма пра леташні фэст коштам 100 літаў (ля 45 долараў). Адмыслова для беларускіх гледачоў плануецца зрабіць пэўныя зніжкі. Разлік арганізатараў фэсту – 15.000 чалавек.
Сяргей БУДКІН




