Айчынныя музыкі аддалі належнае памяці Васіля Шугалея, які быў забіты ў Маскве чатыры гады таму: ажыццяўляецца праект “Трыб’ют Шугалею”.
Шугалей – вядомы як лідэр шмат якіх музычных праектаў. Ягоны гурт Ы.Ы.Ы стаў першай беларускай рок-камандай, што трапіла на экран яшчэ савецкага тэлебачання, а яго ж праект “БазЫлькі”, па сутнасці, можна лічыць першай камандай, што ўзялася надаць беларускаму фальклору сучаснае гучанне. Ягоны сябра і ўдзельнік “залатога” складу гурта Ы.Ы.Ы Павел Юрцэвіч кажа, што не так проста акрэсліць межы таленту Шугалея:
- Гэта быў сапраўдны творца. І паэт, і музыка, і мастак, і дэкаратар, і прадзюсар. І ў кожнай сферы ён дасягнуў выніку.
Пасля трагічнага здарэння ў сакавіку 2004 года Павел Юрцэвіч задумаў зрабіць трыб’ют - дыск памяці лідэра Ы.Ы.Ы. Дзеля гэтага пасля больш чым 10-гадовага перапынку сабраліся астатнія музыкі гурта, да праекта падлучыліся іншыя беларускія каманды, якія зрабілі песні Шугалея на свой лад.
Так, Neuro Dubel заспяваў песню “Подруга”, якая гучала ў тым самым эфіры на ўвесь Савецкі Саюз: у ноч з 31 снежня 1990-га на 1 студзеня 1991-га. “Крамбамбуля” ўзяла пэўна самую вядомую песню Шугалея – “Усё нармальна мама”, працуюць над каверамі Ы.Ы.Ы. гурты “Ляпіс Трубяцкой”, “Палац” і Аляксандр Памідораў. Павел Юрцэвіч, які мае ўласную студыю гуказапісу “Осмас”, запісвае ўсіх за свае грошы. Ён лічыць, што творчасць Шугалея з часам толькі набывае большую актуальнасць:
- Яны апісваюць жыццё ва ўмовах нашага беларускага запаведніка. А жыццё тое мала ў чым розніцца ад тых часоў – пачатку 90-х гадоў, калі мы пачыналі. Героі песень Шугалея – у асноўным такія “чоткія” пацаны, якіх сёння процьма. А каб застацца чалавекам, трэба ўбачыць тую негатыўную альтэрнатыву.
У выніку праект “Трыб’ют Шугалею” будзе складацца ажно з трох дыскаў. У першы МР3-зборнік увойдзе ўся творчасць гурта Ы.Ы.Ы ды яшчэ і відэа. У другі - уласна трыб’ют, а ў трэці – альбом гурта Ы.Ы.Ы. пад назвай “Зялёнае золата”, перапісаны наноў і выкананы Змітром Вайцюшкевічам. Лідэр Wz-Orkiestra ставіць для сябе творчасць Шугалея ў адзін шэраг з Уладзімірам Маякоўскім:
- Васю любілі ўсе. Я таксама любіў. І люблю. Вася быў вельмі цікавай асобай з усіх бакоў. Вельмі шкада, што ў Беларусі такіх людзей - адзінкі. Што да майго стаўлення да рускамоўных спеваў, то гэта можа быць альбо Маякоўскі, альбо Шугалей, альбо яшчэ нехта напраўду варты таго.
Рэалізаваць праект, прысвечаны Васілю Шугалею плануецца ўжо ўвосень.
Сяргей БУДКІН




