30-04, 14:30

Кірчуку за радзіму крыўдна

Лідэр “Троіцы” Іван Кірчук: “Музычных адукацыйных устаноў у нас хапае, але пры тым няма этнічнай радыёстанцыі, не праводзяцца этнічныя фестывалі і для музыкаў няма магчымасці для самавыяўлення”. 

Гэты гурт дае канцэрты на радзіме адзін раз на год, альбомы запісвае раз на 3-4 гады, але пры тым лічыцца сапраўднай з’явай у беларускай музыцы. 30 красавіка адбыўся рэліз новага альбому этна-трыё “Троіца” – адной з самых знаных фолк-каманд Беларусі.

Запісваўся ён на студыі Рэмбрандт польскага “Радыё Беласток” і ў яго ўвайшлі 10 новых кампазіцый. Спеўны матэрыял для яго музыкі знайшлі ў інстытуце этнаграфіі Акадэміі навук, у архівах беларускага радыё і ва ўласных запісах экспедыцый. На прэзентацыі дыску “Сон-трава” для журналістаў лідэр “Троіцы” зазначыў, што ўпершыню музыку да ўсіх кампазіцый удзельнікі гурта напісалі самі. Тым і асаблівы гэты альбом у дыскаграфіі “Троіцы”.

- У ранейшых альбомах мы працавалі толькі над аранжыроўкай народных твораў. Але аснова – тая ж – аўтэнтычныя тэксты. Іх не лучыць нейкая адна тэма - ёсць вясельныя спевы, спевы-галашэнні, жаўнерскія. А назвалі мы альбом па самай магічнай песні – “Сон-трава”.

Цікава, што новы альбом “Троіцы” адмыслова выдадзены і ў Польшчы і набыць яго можна будзе ў еўрапейскіх дыскарнях. Каардынатар праекту “Сон-трава”, польскі прадзюсер Ігар Знык кажа, што з гэтай акалічнасцю можна звязваць пэўныя надзеі.

- Мы падпісалі кантракт з фірмай Recordis, якая мае дыстрыбуцыю не толькі ў Польшчы, але і ў Нямеччыне, Галандыі. Іх вельмі зацікавіў гэты альбом. Некалькі год таму “Троіца” засвяцілася ў Галандыі, а цяпер ізноў вяртаецца. Спадзяюся, што цяпер надоўга. А мо і назаўжды.

“Троіца” ўжо нямала паездзіла па свеце і ўдзельнічала ў сямі дзесятках этнічных фестываляў. Іван Кірчук убачыў як ставяцца да фальклорнага багацця ў розных краінах і нямала здзівіўся некаторым фактам. Музыка кажа, што ў адной Канадзе штогод праводзіцца з тысячу фольк-фестываляў. Вандроўка ў Эстонію наогул уразіла Івана Кірчука.

- У адной з эстонскіх вёсачак ёсць музычны каледж, дзе галоўнай ўмовай для студэнтаў і выкладчыкаў з’яўляецца годнае выкананне народнай музыкі. І не важна ў якім музычным стылі. Гэтая невялікая вёска мае сваю гуказапісвальную студыю, дзе тыя ж студэнты запісваюць свае дыскі. Калі такое бачыш, крыху крыўдна за Радзіму. Хоць музычных адукацыйных устаноў у нас хапае, але пры тым няма этнічнай радыёстанцыі, буйных этнічных фестываляў і для музыкаў няма магчымасці для самавыяўлення.

Канцэртная прэзентацыя дыску “Сон-трава” адбудзецца 17 траўня ў канцэртнай залі “Мінск”. Музыкі з “Троіцы” абяцаюць скарыстаць шмат інструментаў, якія яны не бяруць у свае замежныя паездкі. А на 26 траўня запланаваны вялікі сумесны канцэрт гуртоў “Троіца”, “Палац” і OSIMIRA у віцебскім амфітэатры.

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя