Учора ў Гродна прайшоў устаноўчы сход першаснай суполкі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Такім чынам жыхары горада спрабуюць супрацьстаяць дзеянням улады, што накіраваныя на знішчэнне гістарычнай спадчыны горада над Нёманам. Гродзенскія гісторыкі і грамадскія дзеячы, занепакоеныя лёсам архітэктургай спадчыны роднага горада стварылі арганізацыю, якая на думку новаабранага кіраўніка Андрэя Чарнякевіча павінна паўплываць не толькі на стаўленне гарадзенцаў да гісторыі, але і прымусіць мясцовыя улады прыслухоўвацца да грамадскай думкі, якая не заўсёды супадае з меркаваннямі чынавенства:
- Вельмі істотным момантам у стварэнні арганізацыі лічу тое, што у нас з’явіцца магчымасьць дзейнічаць легальна і спадзяюся больш эфектыўна абараняць горад ад варварскай “рэканструкцыі”.
Сярод заснавальнікаў суполкі не толькі прафесійныя гісторыкі, але і тыя гарадзенцы, якім неабыякавы лёс роднага горада.
Напрыклад, гродзенскі грамадскі дзеяч Сяргей Кузьмянок лічыць, што толькі супольнымі намаганнямі можна абараніць Гродна ад руйнавання і паўплываць на мясцовыя ўлады:
- Мы павінны прыкласьці ўсе намаганні дзеля таго, каб Гародня не на словах, а на справе стала горадам – музэем пад адкрытым небам, і не адштурхоўвала турыстаў, як гэта адбываецца цяпер, а прыцягвала сваёй прыгажосцю.
РАДЫЁ РАЦЫЯ





