Партал “Тузін Гітоў” заявіў пра свой выхад з ліку арганізатараў цырымоніі “Рок-каранацыя” і заснаванне новай музычнай прэміі. Пра прычыны ў сваім адкрытым лісце распавёў галоўны рэдактар “ТГ” Сяргей Будкін:
Нам была патрэбная гэтая цырымонія, бо яна колісь вызначала рок-герояў і ўплывала на музычныя густы. Гэта было даўно і наўрад ці цяпер можна лічыць дадзенае сцвярджэннем праўдзівым і лагічным. Каранацыі не было два гады, яе пахавалі, і, можна сказаць, што на яе забыліся. Але “Тузін Гітоў” спрычыніўся да яе адраджэння.
Тады, тры гады таму, усё выглядала на цыклічнасць – заміж крызісу, як правіла, надыходзіць уздым. Усё было ў нашых руках, і выслоўе пра тое, што запаленыя зоркі камусьці патрэбныя, нас заахвочвала. Першая адроджаная “Каранацыя” была прысвечана нямінскім музыкантам, каб падкрэсліць тую простую думку, што музычнае жыццё віруе не толькі ў сталіцы, але і ў Магілёве, Брэсце ды іншых беларускіх гарадах.
Другая наша “Каранацыя” была скіраваная на тое, каб паказаць усё багацце айчыннай музычнай культуры, тым і тлумачыўся падзел намінацый паводле жанравых прызнакаў, увядзенне ў кантэкст музыкантаў, якія дагэтуль трымаліся асобна. Што да трэцяй “Каранацыі”, то яе пасланне было цалкам лагічным – толькі лепшыя. Урэшце разам і на адной сцэне. Цыкл завершаны.
Цяпер да акалічнасцяў: сам умоўна-ганаровы прыз ад шклозавода "Нёман" (“кавалак крышталя”, як назваў яго адзін з удзельнікаў “Рок-каранацыі”) канчаткова зневіляваўся, калі неяк па галоўную Карону так ніхто і не выйшаў. “Каранацыя” сталася абавязалаўкай і сумным відовішчам, бо заяўлены фармат – беларускі аналаг “Грэмі” – тут, у нашых умовах, не можа існаваць. Прызнання ўжо прызнаным не трэба, як і маральныя дывідэнды.
Адзін з сёлетніх выступоўцаў доўга марудзіў з адказам, ці бярэ ўдзел, выставіў нерэальны цэннік, але ўрэшце пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы, бо "ўсё калісьці пачыналася з “Каранацыі", хоць тыя "Кароны няма куды ўжо ставіць". Другія, якія маюць ганарар, сумерны з бюджэтам вялікага опэн-эйра ў межах Беларусі, нават пагадзіліся, але потым зрабілі выбар на карысць нейкага карпаратыўніка. Трэція выраслі ўжо па-за кантэкстам "Каранацыі" і гэтая суб'ектыўная прэмія для іх анічога не азначае – Карона продажаў іх альбома аніяк не падвысіць.
І адных, і другіх, і трэціх можна зразумець. Сваёй справай хочацца зарабляць грошы, а з “Каранацыі” нават яе арганізатары не маюць прыбытку. Рэй вядуць карпаратывы з аднаго боку і грантавыя канцэрты з другога. Беларускі мікрасвет падзелены дарэшты і з’яднаць усіх хоць бы на адзін дзень раз на год – справа цяжкая, неўдзячная ды яшчэ і нікому непатрэбная, як высветлілася.
“Рок-імітацыя”, “Рок-імпатэнцыя”, “Недакаранацыя” - чуецца з усіх бакоў. Рацыя – амаль святая: дэкламаванага прэстыжу няма, сабачкі ды парсючкі да сцэне гэтую праблему толькі паглыбляюць. Выснова таксама простая: правядзенне агульнанацыянальнай музычнай цырымоніі ў нашых варунках пакуль немагчыма. Па наступных прычынах:
- Няма ўмоваў для рэалізацыі творчай асобы ў нашай краіне і банальнай Свабоды, як у абстрактным, так і ў практычным сэнсе гэтага слова.
- Няма адпаведнага стаўлення і ўзаемаагульнай павагі: музыкаў да гледачоў, арганізатараў да музыкаў, музыкаў да арганізатараў, арганізатараў да журналістаў, урэшце.
- Няма агульнай зацікаўленасці і ўзаемавыгады.
Шмат чаго залежыць ад нібы драбніцаў. Калі афіша такога статуснага мерапрыемства робіцца па прынцыпе “як патанней”, калі не знаходзіцца грошай на лепшы апарат, калі тэле- і радыёролікі беларускай цырымоніі зробленыя на мове суседняй краіны, калі няма ані сайта цырымоніі, ані прэс-цэнтра, калі няма месцаў для намінантаў і запрошаных гасцей, то пра якую імпрэзу з прэтэнзіяй на агульнанацыянальнасць можа весціся!?
Шкада, што скрайнім застаецца ў гэтых разборках Глядач, якога зусім не цікавяць разборкі па-за сцэнаю. Які хоча проста ўбачыць лепшых разам. Але тыя лепшыя разбягаюцца хто куды ў пошуках лепшай долі. Арганізатары ім нават гарбаты з печывам прадаставіць не могуць, што казаць пра большае.
Адчуванне, што “Тузін Гітоў” зрабіў добрую справу, правёўшы гэтыя тры “Рок-каранацыі”, застанецца назаўжды. І хацелася бы падзякаваць тым людзям, без якіх не было бы і гэтага: Юрыю Цыбіну, Вітаўтасу Грыгалюнасу, Свеце Гур’евай, Генадзю Шульману і ўсяму "Клас-клубу".
А таксама асобная падзяка гуртам N.R.M, “Дзецідзяцей”, “Фляўс і Кляйн”, “Крамбамбулі”, OSIMIRA, “Палацу”, “Тарпачу”, “Краме”, Neuro Dubel; Аляксандру Памідораву, Аляксею Церахаву, Віктару Сямашку, Юліі Ляшкевіч, Адаму Глёбусу, Яўгеніі Паўлінай, Маше Лагодзіч, Максіму Жбанкову, Алесю Марачкіну, Юрыю Будзьку, Ігару Зныку, Алегу Скарабагатаму, Сяргею Анішчанку, Аляксандру Кульлінковічу і Уладзімеру Арлову – за хэпі-энд…
“Тузін Гітоў” заяўляе пры выхад з ліку арганізатараў і абвяшчае пра стварэнне сваёй музычнай прэміі. Якой яна будзе і што з гэтага атрымаецца – пакажа час. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Бывай, “Каранацыя”!
Сяргей БУДКІН, галоўны рэдактар парталу “Тузін Гітоў”, прадзюсар “Рок-каранацыі” (2005-2007).




