Праваабарончыя арганізацыі “Міжнародная амністыя” і Беларускі Хельсінскі Камітэт адрэагавалі на новы смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі два дні таму. Улады Беларусі працягваюць ігнараваць міжнародны ціск у справе мараторыю на смяротнае пакаранне -- лічаць праваабаронцы.
Вырак быў вынесены менш чым праз тыдзень пасля таго, як Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы выставіла мараторый на смяротнае пакаранне, як умову вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ. “Новы смяротны прысуд – яснае сведчанне таго, што ў Беларусі не існуе “фактычнага мараторыю”, як сцвярджаюць улады, і што мы мусім заставацца пільнымі і не выключаць магчымасці, што там надалей выконваюцца смяротныя пакаранні”, - заявіў прадстаўнік “Міжнароднай амністыі” Нікола Дакварт. З ім згодны і старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак:
- Трэба хутчэй уводзіць мараторый і адмяняць смяротнае пакаранне, як меру. Інакш гэтая бесчалавечная практыка будзе працягвацца.
Пры гэтым старшыня БХК не ставіць пад сумнеў само абвінавачванне чалавеку, якога прызналі вінаватым у забойстве 6 жанчын сталага веку ў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях. Тым часам у Палаце прадстаўнікоў ужо стварылі рабочую групу, якая будзе вывучаць магчымасці ўвядзення мараторыю на пакаранне смерцю.
Альгерд Невяроўскі, Радыё Рацыя.








Каментары