06-03, 18:24

Беларускіх вайскоўцаў у Венесуэле “з’ядуць і выплюнуць”

Лепшы сябар Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес рыхтуецца да вайны з Калумбіей. Да мяжы краіны сцягваюцца войскі і ваенная тэхніка. Урады абедзьвюх краін ужо разарвалі дыпламатычныя адносіны і пагражаюць у любы момант пачаць баявую аперацыю. Беларусы таксама могуць прыняць удзел у гэтай вайне. Канстытуцыя гэта не забараняе.

Пра сяброўства беларускага прэзідэнта з Уга Чавесам усім добра вядома. Для Аляксандра Лукашэнкі Венесуэла - гэта не проста саюзнік на міжнароднай арэне, але і стратэгічны партнёр на Лацінаамерыканскім кантынэнце. Паміж краінамі падпісана больш за два дзесяткі пагадненняў – пачынаючы ад палітычнага і завяршаючы ваенна-тэхнічным супрацоўнітвам.

Права накіроўваць за межы краіны вайсковы кантынгент належыць асабіста Аляксандру Лукашэнку. Але ці мэтазгодна адпраўляць у Венесуэлу баявыя часткі Узброеных Сілаў Беларусі? На думку былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, не:

- Аказаць нейкую сур’ёзную дапамогу Венесуэле – гэта проста смешна. Паслаць туды роту – ці што? У іх жа свае законы, свае ўзброеныя сілы, у іх свае традыцыі. І беларуская рота там вельмі хутка захварэе гепатытам, яе там з’ядуць і выплюнуць.

Аднак, паводле экс-міністра, у якасці маральнай падтрымкі беларускія ўлады маглі б накіраваць ў Венесуэлу вайсковых спецыялістаў, прыкладам, інжынераў альбо медыкаў:

- Вось запасныя часткі, нейкія рамонтныя брыгады – гэта можа быць. Ці, прыкладам, паслаць у Венесуэлу ваенных медыкаў. Гэта будзе ўжо хоць нейкая падтрымка. Але і яна не прынясе ніякага вялікага выніку.

Але, на думку Паўла Казлоўскага, самае галоўнае, чым можа дапамагчы Лукашэнка сябру Угу – вайсковая тэхніка і камплектуючыя для яе. Згодна з пагадненнем пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусь павінна паставіць у Венесуэлу ўзбраення і камплектуючых да яго на 1 мільярд долараў. Пра гэта ў снежні 2007 году паведаміў журналістам сам Аляксандр Лукашэнка. Некаторыя СМІ пісалі, што гаворка можа ісці пра продаж Каракасу мабільнага зянітна-ракетнага комплекса С-300П, для якога, быццам бы, на Мінскім заводзе колавых цягачоў былі вырабленыя шматвосныя шасі. Кошт такой сістэмы, паводле спецыялістаў, якраз складае ад 800 мільёнаў да 1 мільярда 200 мільёнаў долараў. Акрамя таго, падчас леташняга візіту ў Мінск Угу Чавесу былі прадстаўленыя зянітна-ракетныя комплексы сярэдняй дальнасці “Пячора-2Т” і ЗРК малой дальнасці “Аса-1Т”, якія былі мадэрнізаваныя на беларускім прадпрыемстве “Тэтраэдр”. Гэтае ўзбраенне таксама вельмі спадабалася прэзідэнту Венесуэлы. На што Лукашэнка адказаў: “Добра, мы дапаможам вам стварыць узброеныя сілы”.

Аднак, па іншых крыніцах, нічога, акрамя старых БМП і іншага ўзбраення, што засталося Беларусі яшчэ з савецкіх часоў, Лукашэнка Чавесу прапанаваць не можа. А перапрадаваць новае расійскае ўзбраенне пры Пуціне афіцыйнаму Мінску стала праблематычна. У гэтым пытанні Крэмль не мае патрэбу ў пасярэдніках.

А вось сябар міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў, падпалкоўнік запасу Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што да ваеннга канфлікту паміж Калумбіяй і Венесуэлай не дойдзе, таму і дапамагаць Угу Чавесу Беларусі не спатрэбіцца:

- Справа ў тым, што ніякай вайны там не будзе. Гэта па сутнасці немагчыма. У Лацінскай Амерыцы ёсць шмат харызматычных лідэраў не толькі ў Венесуэле, але і ў суседніх краінах. У іх ёсць свае стратэгічныя інтарэсы, свой імідж. Палітык жа павінен падтрымліваць свой рэйтынг і адпавядаць патрабаванням той палітычнай большасці, якая яго падтрымлівае. Таму там больш палітыкі, чым падрыхтоўкі да вайны.

Як адзначае Гайдукевіч, ні народ Калумбіі, ні народ Венесуэлы не хоча вайны, а таму палітыкі вымушаны будуць знайсці кампраміс, каб прыгожа выйсці з непрыгожай сітуацыі.

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя