Заява Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з увядзеннем Злучанымі Штатамі Амерыкі дадатковых абмежавальных мер эканамічнага характару ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна “Белнафтахім”:
- На працягу досыць працяглага часу Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі з нашымі заходнімі партнёрамі, быў распачаты цэлы шэраг паслядоўных і канструктыўных крокаў у мэтах нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам і ЗША.
Тым не менш, адзін з удзельнікаў дыялогу - Злучаныя Штаты Амерыкі, праігнараваўшы раней дасягнутыя дамоўленасці, парушылі ўзгоднены алгарытм дзеянняў па нармалізацыі адносін і ўвялі дадатковыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні прадпрыемстваў канцэрна “Белнафтахім”.
Беларускі бок заяўляе, што крокі Беларусі ў адказ будуць насіць цвёрды характар. Пра змест гэтых крокаў амерыканскі бок быў раней апавешчаны. Адным з такіх крокаў з'яўляецца адкліканне ў Мінск для кансультацый амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова. Адначасова ўрад Беларусі настойліва прапаноўвае амбасадару Злучаных Штатаў Амерыкі ў Мінску Карэн Сцюарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай.
У заяве таксама падкрэсліваецца, што, паводле Хельсінскага заключнага акта, ЗША, як і іншыя дзяржавы-удзельнікі АБСЕ, маюць на сабе абавязальніцтвы “пры ўсіх акалічнасцях устрымоўвацца ад любога акту эканамічнага прымусу, накіраванага на падпарадкаванне сваім уласным інтарэсам ажыццяўлення іншай дзяржавай-удзельнікам правоў, уласцівых яе суверэнітэту”.
- Змушаныя зноў канстатаваць, што АБСЕ, якая павінна быць эфектыўнай прыладай абароны правоў і інтарэсаў сваіх дзяржаў-удзельнікаў, у гэтай сітуацыі не выконвае свой непасрэдны мандат і не рэагуе на грубае парушэнне амерыканскай адміністрацыяй асноватворных прынцыпаў Арганізацыі.
Беларусь патрабуе ад АБСЕ неадкладных дзеянняў для эфектыўнага забеспячэння выканання гэтай дзяржавай-удзельнікам асноватворных прынцыпаў Арганізацыі і сваіх міжнародных абавязальніцтваў.
Калі гэтага не адбудзецца, мы будзем змушаныя сур'ёзна задумацца над тым, як нам варта ў далейшым выбудоўваць адносіны з дадзенай Арганізацыяй.
Варта заўважыць, што ўчора прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін мелі між сабой тэлефонную размову, падчас якой, паводле прэс-службы беларускага прэзідэнта, былі абмеркаваны стасункі Беларусі і “асобных заходніх дзяржаваў”.




