08-03, 10:16

Амбасадарка ЗША застанецца ў Мінску

Амбасадрка ЗША Карэн Сцюарт застанецца ў Мінску нягледзячы на "настойлівую рэкамендацыю" беларускіх уладаў пакінуць краіну. Пра гэта заявіў намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі 7 сакавіка на брыфінгу ў Вашынгтоне.

- Першапачатковыя паведамленні пра тое, што амбасадрка высланая, не адпавядаюць рэчаіснасці. Беларускі ўрад рэкамендаваў - я думаю, гэта ветлівая фраза, - каб яна вярнулася ў Злучаныя Штаты для кансультацый. Яна знаходзіцца ў Мінску і застанецца ў Мінску, пакуль мы працягваем вывучэнне сітуацыі, - паведаміў Т.Кейсі.

Як перадае БелаПАН, прадстаўнік Дзярждэпартамента не чакае змянення статусу К.Сцюарт, калі не будзе новага развіцця падзей.

- Важна мець нашу амбасаду ў Мінску і дыпламатычнае прадстаўніцтва высокага ўзроўню, каб узаемадзейнічаць разам з беларускім урадам па шэрагу хвалюючых нас праблем, у тым ліку вызваленні ўсіх палітвязняў, уключаючы спадара Казуліна", - падкрэсліў прадстаўнік Дзярждэпартамента.

Па інфармацыі Т.Кейсі, 7 сакавіка ў Мінску кіраўнікі дыпламатычных місій дзяржаваў-удзельніц АБСЕ былі запрошаныя ў МЗС на сустрэчу з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі. Нягледзячы на тое, што К.Сцюарт таксама атрымала запрашэнне, ёй не дазволілі прысутнічаць на гэтай сустрэчы, дзе ў адрас ЗША прагучалі шэраг абвінавачванняў. Гаворка ішла аб уведзеных Злучанымі Штатамі "палітычных санкцыях". Затым К.Сцюарт была запрошаная на асобную сустрэчу, падчас якой ёй настойліва рэкамендавалі пакінуць краіну, паведаміў Т.Кейсі. Па яго словах, гаварылася таксама аб магчымасці ўжывання іншых абмежавальных мераў.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя