12-03, 16:42

ДАІ не магла спыніць п’янага кіроўцу 370 км

П’яны кіроўца аўтамабіля Volkswagen Golf, у салоне якога знаходзіліся тры пасажыры, амаль гадзіну ўцякаў ад міліцыянтаў згодна з папярэдняй версіяй ад Слуцка, а па апошніх дадзеных яшчэ з Гомеля ў бок Мінска. 

Такім чынам п’яны ўцякач праехаў каля 370 кіламетраў. Супрацоўнікі ДАІ не прыдумалі нічога лепшага, як перакрыць парушальніку дарогу з дапамогай чужых аўтамабіляў, выстраеных у чатыры рады, і што самае жахлівае – зладзіць жывы ланцуг, не даўшы людзям пакінуць свае машыны. Аднак парушальнік не спыніўся. На вялізнай хуткасці ён урэзаўся ў адзін аўтамабіль і зачапіў другі. Кіроўца машыны, якая прыняла на сябе самы моцны ўдар, Юрый Пашкевіч, знаходзіўся разам з жонкай і трохгадовай дачкой. У інтэрв’ю Рацыі ён распавёў:

-- Папрасілі спыніцца і я падумаў, што для праверкі дакументаў. Але проста сказалі заставацца ў машыне. Я паспрабаваў выйсці, але не дазволілі. Прайшло секунд трыццаць і я заўважыў, што супрацоўнікі ДАІ пачалі разбягацца ў розныя бакі. Зразумеўшы, што нешта тут не так, паглядзеў у люстэрка задняга агляду і мяне асляпіла святло фар машыны, якая вельмі хутка набліжалася. Я паспеў крыкнуць жонцы. Каб яна мацней трымала дзіця, бо зараз будзе вельмі моцны ўдар. І літаральна праз 3 – 5 секунд адбыўся надзвычай моцны ўдар, пасля чаго мяне адкінула метраў на 25 наперад, на машыну ДАІ, але я ўжо быў безпрытомнасці.

Удар быў такой моцы, што аўтамабіль Юрыя літаральна склаўся. Спляжанай аказалася яго задняя частка, а менавіта там сядзелі жонка з маленькай дачкой. Яны атрымалі невялікія фізічныя, але надзвычай моцныя псіхалагічныя траўмы. Юрый з цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай і ў шокавым стане выбраўся з машыны толькі з дапамогай даішнікаў. А пасля аварыі, як і іншыя пацярпелыя, быў вымушаны сам дабірацца ў мінскую лякарню. Нам ён сказаў наступнае:

-- Не мелі права яны рабіць з нас жывую загароду. Гэта пагроза нашаму жыццю. І я хачу, каб пакаралі таго, хто аддаў загад гэта зрабіць.

Безумоўна, ДАІ не мае жадання каментаваць і тлумачыць гэты надзвычайны выпадак, але раней ці пазней давядзецца гэта зрабіць. А пакуль што аб здарэнні як парушэнні заканадаўства сказала Рацыі адвакатка Цэнтра па правах чалавека Вера Страмкоўская:

-- Хто бярэ на сябе адказнасць за жыццё гэтых людзей, калі б не дай Бог з імі нешта здарылася? На сённяшні дзень ёсць траўмы, стрэсы. Людзям аказваецца псіхалагічная і медычная дапамога. Павінны быць устаноўлены вінаватыя ва ўсім гэтым.

Гарадская пракуратура прыняла да разгляду заяву ад пацярпелых. Пра сутнасць дакумента адвакатка паведаміла:

-- Ставіцца пытанне аб правядзенні расследавання і прыцягненні да адказнасці, устаноўленай законам, усіх вінаватых у стварэнні дадзенай сітуацыі, небяспечнай для жыцця і здароўя людзей. Аб спагнанні матэрыяльнага і маральнага ўрону, паколькі была нанесена шкода і здароўю і транспартным сродкам. Але перш за ўсё ставіцца абарона права на жыццё пацярпелых людзей.

Застаецца спадзявацца, што сапраўды ўсе вінаватыя, ад п’янага кіроўцы-ўцекача да таго, хто загадаў ствараць жывы ланцуг і паставіў пад пагрозу жыцці многіх людзей, у тым ліку і трохгадовага дзіцяці, панясуць справядлівае пакаранне.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя