13-03, 14:01

ДАІ афіцыйна выбачаецца перад “жывой загародай”

Начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі Аляксандр Мендзелеў прынёс афіцыйныя прабачэнні грамадзянам, якія пацярпелі ў надзвычайным здарэнні, што мела месца вечарам 2 сакавіка на 8-м км аўтадарогі Мінск-Мікашэвічы.

Нагадаем, супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць аўтамабіль пад кіраваннем п'янага вадзіцеля, што рухаўся са значным перавышэннем хуткасці ў кірунку да Мінска, з дапамогай шчыта з грамадзянскіх аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся людзі.

“Я павінен прызнаць, што гэта надзвычайнае здарэнне. Хачу ад сябе асабіста і ад супрацоўнікаў ДАІ папрасіць прабачэння ў бязвінна пацярпелых у гэтай сітуацыі грамадзян”, — сказаў Мендзелеў на прэс-канферэнцыі 13 сакавіка.

- На мой погляд, дзеянні супрацоўнікаў ДАІ ў гэтай сітуацыі былі недастаткова прафесійныя.

Кіраўнік рэспубліканскай Дзяржаўтаінспекцыі паведаміў, што міністр унутраных спраў аб'явіў яму строгую вымову. Сам ён прыняў рашэнне аб'явіць строгую вымову начальнікам ДАІ Мінска і Мінскай вобласці. Апрача таго, службовыя асобы, што адказваюць за прафесійную падрыхтоўку супрацоўнікаў, якія бралі ўдзел у затрыманні нецвярозага вадзіцеля 2 сакавіка, а менавіта намеснік начальніка аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска і начальнік ДАІ Слуцкага раёна, вызвалены ад пасадаў. Начальніку АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска аб'яўлена вымова.

Супрацоўнікі ДАІ Слуцкага раёна і ДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы, якія бралі ўдзел у затрыманні, адхілены ад пасадаў да заканчэння службовага разбору. На цяперашні момант ён знаходзіцца ў стадыі завяршэння, паведамляе БелаПАН.

Пасля заканчэння разбору яго матэрыялы будуць перададзены ў пракуратуру для прававой ацэнкі.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя