17-03, 17:54

Абвінавачаныя па “справе прадпрымальнікаў”: злачынцы – не мы

Андрэй Кім, Міхась Субач, Аляксандр Чарнышоў, Аляксандр Стральцоў, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Уладзімір Сяргееў, Міхась Крываў, Арцём Дубскі, Антон Койпіш, Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч і непаўналетні Максім Дашук праходзяць абвінавачанымі па “справе прадпрымальнікаў”. Паводле абвінавачванняў у гвалтоўных дзеяннях супраць міліцыянтаў зняволеныя Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. На сённяшняй прэсавай канферэнцыі тыя са згаданых актывістаў, хто знаходзіцца на волі, казалі пра ўседазволенасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў ды ўладаў у цэлым.

Падчас прэс-канферэнцыі

Прыкладам, Антон Койпіш заявіў:

- Зразумела, што злачынцы ў гэтай справе не мы. Бо мы нічога не парушалі. Гэта справа мае шмат парушэнняў у працэсе, яна з парушэннямі заведзеная і г.д. Калі ўлады і далей будуць чыніць такія жорсткія пакаранні супраць людзей, якія пратэставалі супраць парушэння эканамічных правоў, эканоміка будзе і далей не развівацца. Мне здаецца, што ўладам, на жаль, не патрэбна, каб яна развівалася.

У Віцебску створаны грамадскі камітэт у абарону Сяргея Парсюкевіча. Кіраўнік камітэта Хрыстафор Жаляпаў паведаміў:

- Справу Парсюкевіча мы расцэньваем як факт пераследу па палітычных матывах, як факт гвалту над зняволеным. Факт, які супярэчыць міжнародным прававым актам, якія падпісала Беларусь. Зняволены быў жорстка збіты. Мы расцэньваем гэта як катаванне.

У роспачы ад несправядлівасці ў адносінах да Андрэя Кіма выступіла яго маці:

- Майму сыну яшчэ месяца няма як споўнілася 22 гады, а яму ўжо прад’явілі дзве крымінальныя справы. Ён не п’е, не паліць, не б’ецца, веруючы чалавек, а з яго зрабілі такога злачынцу, якога не выпускаюць не пад заклад, не пад падпіску аб нявыездзе. Чаму такое жорсткае стаўленне да майго сына? Я ўпэўнена, што ён ні ў чым не вінаваты.

Прававую ацэнку дзеянням уладаў у адносінах да абвінавачаных па “справе прадпрымальнікаў” даў праваабаронца Ігар Леднік:

- Мы зараз упор робім не столькі на парушэнне крымінальна-працэсуальных нормаў, колькі ў цэлым на парушэнне Канстытуцыі. Крымінальныя справы і наступныя санкцыі разглядаем выключна як палітычныя рэпрэсіі.

Абвінавачаныя асабіста або праз сваіх родных і праваабаронцаў звяртаюцца да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча а таксама ў ААН, АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрасаюз з просьбай спыніць следчыя дзеянні, узбудзіць крымінальную справу супраць падпалкоўніка міліцыі Міхалькевіча, які у свой час вынес пастанову прыцягнуць іх у якасці абвінавачаных, а таксама просяць “перакласці адказнасць за пакрыццё выдаткаў суб’ектам гаспадарання ў 124,7 мільёнаў рублёў на дзяржаўныя органы і службовых асоб, вінаватых за дзеянні, што парушаюць правы і свабоды асобы”. Яны спадзяюцца, што гэты зварот да беларускіх заканадаўчых уладаў і сусветнай грамадскасці не застанецца без адказу.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя