За тры гады да прэзідэнцкіх выбараў апазіцыйныя палітыкі пачалі высвятляць, хто з іх больш годны балатавацца ў прэзідэнты. Рацыя вырашыла падсумаваць спіс патэнцыйных кандыдатаў, якія збіраюцца паспрачацца за ўладу з Аляксандрам Лукашэнкам альбо яго пераемнікам у 2011 годзе.
Першым, хто заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, быў лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Яго кандыдатуру ўжо нават зацвердзіў з’езд партыі, які адбыўся пры канцы лютага. Ліберальныя дэмакраты аднагалосна прагаласавалі за вылучэнне свайго лідэра, які такім чынам можа ўстанавіць своеасаблівы рэкорд – стаць тройчы кандыдытам у прэзідэнты. Сярод вылучэнцаў-апазіцыянераў Сяргей Гайдукевіч сур’ёзных супернікаў для сябе не бачыць, але нічога кепскага ў тым, што іх будзе шмат, на думку палітыка, таксама няма:
- Я вітаю той факт, што яны нарэшце зразумелі, што партыі павінны самастойна ўдзельнічаць у выбарах, што кожная партыя – гэта калектыў аднадумцыў, якія маюць агульную палітычную платформу. Таму што маразм, які існаваў раней, калі некалькі палітычных партыяў вылучалі так званага адзінага кандыдата ў прэзідэнты, без уліку сваіх ідэалагічных прынцыпаў, вядома чым сканчваўся. Дзе Ганчарык? Дзе Мілінкевіч? Гэта ж віртуальны вобраз, а не сур’ёзны палітык.
Іншым палітыкам, які плануе абірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы, стаў нечакана шмат для каго намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Сваю заяву ён зрабіў на Сойме партыі, калі кіраўніцтва БНФ вырашыла, што будзе вылучаць на прэзідэнцкіх выбарах свайго кандыдата ў прэзідэнты:
- Тут няма нічога дзіўнага. Я мяркую, што Партыя БНФ павінна была абазначыць сваю пазыцыю і абвесціць пра тое, што яе прадстаўнік будзе прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. І я гатовы прыняць удзел у гэтай кампаніі.
Ніхто не спісвае з рахунку і былога лідэра Аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча, які збіраецца балатавацца ў прэзідэнты ў другі раз. Што палітык і падцверзіў у інтэрв’ю Рацыі:
- Я не адзін раз казаў, што буду балатавацца. І яшчэ раз гэта пацвярджаю. І добра, што Міхалевіч пра гэта заявіў. Добра, што БНФ збіраецца вылучаць свайго кандыдата. Я лічу, што гэтая кандыдатура цалкам адпаведная. Ну а хто ў выніку стане адзіным і ці будзе ён увогуле, да гэтага трэба яшчэ прайсці вялікі шлях. Я за тое, каб усё ж такі быў адзіны дэмакратычны кандыдат.
Мараць пра свайго кандыдата і апазіцыйныя камуністы. Паводле лідэра партыі Сяргея Калякіна, ПКБ будзе вылучаць прадстаўніка партыі на вышэйшую дзяржаўную пасаду, але наконт канкрэтнай кандыдатуры пакуль казаць зарана:
- Безумоўна, ПКБ будзе вылучаць ад сабе кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Мы бы хацелі, каб гэтае пытанне было канчатковы вырашанае ў межах Аб’яднаных дэмакратычных сіл па ўзгодненай працэдуры. Але калі адзінага падыходу выпрацавана не будзе, партыя самастойна вылучыць свайго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Хто гэта будзе – пабачым.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пакуль вырашыў не раскрываць свае карты. Палітык лічыць, што галоўнае зараз - захаваць адзінства ў апазіцыі і пачынаць пакрыху рыхтаваць агульнае пагадненне аб вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты:
- Калі сёння мы пачнем разбураць дэмакратычныя сілы, пачнем ствараць пяць ці шэсць асобных палітычных цэнтраў, якія не будуць узгадняць паміж сабой свае дзеянні, не будуць працаваць у межах адзінай стратэгіі, тады на прэзідэнцкіх выбарах нас абавязкова чакае параза.
Аднак Анатоль Лябедзька, хутчэй за ўсё, хітруе. Насамрэч гэты шматвопытны палітык ніколі не хаваў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый. Дастаткова ўспомніць, як цяжка ён перажываў сваю паразу на Кангрэсе дэмакратычных сіл у літападзе 2005 году, калі Аляксандр Мілінкевіч перамог яго з розніцай у 8 галасоў.
Не трэба забывацца і яшчэ пра аднаго прэтэндэнта – Аляксандра Казуліна. Палітык хоць і знаходзіцца зараз за кратамі, але для сацыял-дэмакратаў іншай кандыдатуры на выбарах не існуе. Прынамсі, так заявіў Рацыі намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.
- Пазіцыя сацыял-дэмакратаў грунтуецца на тым, што ніякіх выбараў не было, што патрэбныя паўторныя прэзідэнцкія выбары. Па-другое, наш кандыдат – прафесар Казулін. І нарэшце, не трэба лічыць сабе кожным па асобку разумнейшым, калі ў нас ужо ёсць дастаткова сур’ёзныя і аўтарытэтныя палітычныя лідэры. Я маю на ўвазе не толькі Аляксандра Казуліна, але і спадара Мілінкевіча.
Да таго ж ён дадаў, што выбары 2006 года дагэтуль не скончыліся. Іх вынікі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, таму трэба думаць не пра новую выбарчую кампанію, а працягваць дамагацца паўторных прэзідэнцкіх выбарах, з тымі ж самымі кандыдатамі.
Не выключана, што Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ таксама зноў будзе збіраць подпісы за Зенона Пазьняка. І хоць, паводле намесніка старшыні партыі Юрася Беленькага, гэта ёсць усяго толькі кампанія супраціву, дэ-факта можна казаць пра спробу балатавання лідэра КХП-БНФ.
Ну а галоўная інтрыга маючай адбыцца выбарчай кампаніі - ці будзе ўдзельнічаць у ёй Аляксандр Лукашэнка. Пакуль на гэты конт прэзідэнт маўчыць. І гэта зразумела: каб вырашыць гэтае пытанне, у яго яшчэ ёсць шмат часу. У адрозненне ад апазіцыі, якая ў чарговы раз рызыкуе замест барацьбы з рэжымам, пачаць кампанію супраць адзін аднаго.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




