23-03, 10:39

У Беларусь праз Аўстрыю могуць прыйсці грошы “Штазі”

Партыя БНФ заклікала ўкладнікаў "Раффайзен-банку" разарваць з ім адносіны і забраць свае ўклады. Падставаю дзеля гучнай заявы стала выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дэмакратыі ў Беларусі не менш, чым у Аўстрыі. Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі паабяцаў таксама ініцыяваць зварот да ўсіх еўрапейскіх укладнікаў "Раффайзен-банку" забіраць свае ўклады, і пераводзіць іх у іншыя банкі, “пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні Беларусі”. Чым правініўся перад беларускай апазіцыяй менавіта "Раффайзен-банк"?

Адразу ж трэба адзначыць, што ў Беларусі не існуе такога брэнду, як "Раффайзен-банк" (“РФБ”). Функцыі яго прадстаўніцтва выконвае “Прыёрбанк”, 80 адсоткаў акцый якога належаць “РФБ”.

“Прыёрбанк” уваходзіць у васьмёрку мацнейшых фінансавых устаноў Беларусі. Аднак, на думку лідэра Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, праз “Прыёрбанк” аўстрыйскі "РФБ” фактычна фінансуе “рэпрэсіўны рэжым Аляксандра Лукашэнкі”. У інтэрв’ю Рацыі палітык заявіў, што свае высновы зрабіў “з некаторых публікацый у СМІ”, аднак менавіта з якіх удакладняць не стаў. На пытанне, ці разлічвае Партыя БНФ на канкрэтныя вынікі, калі робіць такія гучныя заявы, спадар Баршчэўскі адказаў наступнае:

- Я думаю, што ўсё будзе залежыць ад таго, ці ўдасца мабілізаваць на гэтую акцыю грамадскасць. Таму што банкі не падпарадкоўваюцца ўрадам краін. Але калі банкі губляюць сваю рэпутацыю. Калі яны ўблытваюцца ў справы непразрыстыя, цёмныя, то гэта можа выклікаць для іх вельмі непрыемныя наступствы.

Далучыцца да сваёй акцыі БНФ прапанавала і астатнім суб’ектам Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Таму наступным, да каго звярнулася па каментар Рацыя стаў лідэр АГП, старшыня Нацыянальнага камітэту АДС Анатоль Лябедзька. Яго адказ быў вельмі стрыманым. Палітык прапанаваў глядзець на праблему шырэй і заклікаць усіх заходніх бізнэсоўцаў адмовіцца ад пакупак акцый беларускіх прадпрыемстваў і банкаў, якія адбываюцца непразрыста і з парушэннямі заканадаўства:

- Прыватызацыя, якая вядзецца па крымінальных схемах у Беларусі, гэта ёсць прававая і юрыдычная падстава для таго, каб дэмакратычны ўрад, які заменіць сённяшні рэжым, перагледзіў усе гэтыя непразрыстыя прыватызацыйныя альбо лепш сказаць “прыхватызацыйныя” дамовы.

Таму, адзначыў Анатоль Лябедзька, тыя, хто зараз спрабуе злавіць рыбку ў каламутнай вадзе, павінны добра ўсведамляць для сабе рызыку кулуарных прыватызацыйных здзелак з беларускім урадам.

А вось кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія”, эканаміст Леанід Заіка лічыць прапанову Партыі БНФ не выгаднай перш за усё для простых грамадзянаў краіны:

- Такія парады спадар Баршчэўскі можа даваць сваёй жонцы ці сваякам. А я, наадварот, заклікаю грамадзянаў укладаць грошы ў “Прыёрбанк”, які, на маю думку, з’яўляецца самым надзейным у Беларусі.

Паводле спадара Заікі, калі апазіцыйныя палітыкі пачынаюць займацца “не сваімі справамі”, то яны сапсуюць і сабе, і астатнім грамадзянам краіны “эканамічнае здароўе”. Эксперту таксама не зразумела, чаму менавіта Аўстрыю абралі сваёй цэллю апазіцыйныя палітыкі:

- Насамрэч гэта афіліянаваны капітал. Вы думаеце, што грошы ідуць з Аўстрыі, а ў выніку прыязджае ваш стары сябар Моня, які з’ехаў у 1972 годзе з Беларусі. Што і адбываецца. Ну які ж гэта аўстрыйскі гэты капітал? Гэта могуць быць грошы і эмігрантаў, і партый, і нейкіх структур, прыкладам, “Штазі”. Чаму ў Беларусь не могуць прыйсці грошы “Штазі”? Могуць прыйсці! Таму што Беларусь - цалкам пракамуністычная дзяржава, якая нагадвае мінулую ГДР з такою самаю наменклатурай. Цалкам верагодна, што грошы “Штазі” могуць да нас прыйсці праз Аўстрыю.

Калі працягваць ідэю спадара Баршчэўскага далей, то апазіцыя павінна заклікаць беларусаў адмовіцца ад паслугаў аператара сотавай сувязі Velcom, які, як вядома, быў праданы праз пасярэднікаў “Telekom Austria Group”. З іншага боку, карыстацца свядомаму беларусу паслугамі МТС таксама не варта, бо за кампаніяй стаіць расійскі капітал. А яшчэ можна прапанаваць забараніць карыстацца беларускімі матацыкламі і веласіпедамі, бо кантрольны пакет “Мотавела” таксама належыць аўстрыйцам.

Кастусь ВАНСЯЦКІ
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя