03-05, 16:11

Апазіцыя правяла акцыю ў падтрымку незалежнай прэсы (фотарэпартаж)

3 траўня, у Сусветны дзень свабоды прэсы, прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл правялі акцыю ў падтрымку незалежных беларускіх СМІ. Больш за мінакоў цікавасць да яе праявілі супрацоўнікі спецслужбаў, якія здымалі апазіцыянераў на відэа і больш за гадзіну хадзілі за ўдзельнікамі акцыі ўздоўж праспекта Незалежнасці.

Каля 10 палітыкаў – прадстаўнікоў Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі - узялі удзел у акцыі у падтрымку незалежных беларускіх СМІ. У 12.00 яны прыйшлі да Галоўпаштампту з газетамі, якія ўлады забараняюць распаўсюджваць праз кіёскі “Белсаюздруку” і па падпісцы (“Народная воля”, “Наша ніва” і “Товарищ”). Аднак адразу ж да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і папярэдзілі, што фармат дадзенай акцыі ёсць рэкламнай кампаніяй незалежных выданняў, на якую трэба браць дазвол уладаў. І калі палітыкі пачнуць распаўсюджваць газеты, яны будуць арыштаваныя. Таму замест распаўсюду апазіцыянеры вырашылі абмежавацца публічным чытаннем “Народнай волі” і “Нашай нівы”.

- Кіраўніцтва Фронту заклікала ўсіх прадстаўнікоў АДС прыйсці сёння да Галоўпаштампту, каб бясплатна раздаваць незалежную прэсу. Аднак, як мы бачым, больш за ўсіх гэтай акцыяй зацікавілася кіраўніцтва мінскай міліцыі. Нас папярэдзілі, што калі мы пачнём раздаваць газеты, то ўсіх арыштуюць. Таму мы вырашылі напярэдадні выхадных не падстаўляць нашых актывістаў, - патлумачыў Рацыі Віктар Івашкевіч.

Усе, што адбывалася каля Галоўпаштампту, міліцыянеры здымалі на відэа. А самым будынку знаходзілася некалькі дзесяткаў АМАПаўцаў.

Праз 20 хвілін удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца, а старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і ягоны намеснік Віктар Івашкевіч вырашылі звярнуцца са скаргай на паводзіны міліцыянераў. Адпаведны запіс быў зроблены у кнізе скарг і прапаноў, што знаходзіцца ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў.

Увесь час за ўзельнікамі акцыі і журналістамі хадзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, аднак ніхто затрыманы не быў.

Кастусь ВАНСЯЦКІ
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя