Канфлікт паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі становіцца ўсё болей непрадказальным у сваім развіцці. Учора беларускае дзяржаўнае тэлебачанне зноў узгадала пра нібыта “шпіёнскую сетку”, якую стварыў у Мінску супрацоўнік амерыканскай амбасады Курт Фінлі. Тым часам Вашынгтон папярэджае беларускія ўлады, што калі пазіцыя Беларусі ў канфлікце не зменіцца, дыпламатычныя адносіны паміж краінамі могуць быць разарваныя. Як ставяцца да ўсяго, што адбываецца беларускія палітолагі, палітыкі ды беларусы ЗША? Пра гэта дазналася Рацыя.
Бадай, самым аптымістычным палітыкам у ацэнцы дыпламатычнага канфлікту з’яўляецца лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Сяргей Гайдукевіч. У сваіх інтэрв’ю ён пастаянна кажа, што ў пагаршэнні стасункаў ці поўным іх спыненні не зацікаўленыя ні Беларусь, ні ЗША:
- Беларусь мае свае пытанні да амерыканскіх калегаў, Амерыка мае свае пытанні. Я думаю, тут не трэба нейкіх лішніх целарухаў. Трэба спакойна разбірацца і знаходзіць кампраміс. Я ўпэўнены, што гэты кампраміс знайсці можна.
Прэтэнзіі Злучаных Штатаў да Беларусі палягаюць выключна ў адным пытанні. Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур у Мінску на нядаўняй прэс-канферэнцыі падкрэсліваў, што стаўленне яго краіны да Беларусі не залежыць ад колькаці амерыканскіх дыпламатаў, якія працуюць у Мінску:
- Эканамічныя санкцыі не залежаць ад таго, што адбываецца з нашай амбасадай. Пакуль у Беларусі будуць палітычныя зняволеныя - будуць і эканамічныя санкцыі.
Так лічыць галоўны амерыканскі дыпламат у Мінску. А вось Сяргей Гайдукевіч упэўнены, што высоўваць для перамоваў адно пытанне не варта:
- Не трэба выстаўляць адну ўмову, гэта ніколі не да чаго не прыводзіла!
Менавіта ў гэтым і палягае асноўнае супярэчанне ў дыялогу Мінска і Вашынгтона. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў парламенце, заявіў, што “пытанне з палітычнымі зняволенымі закрытае”. Амерыканскі ж бок настойвае на яго далейшым абмеркаванні. І будзе настойваць надалей, упэўнены палітолаг Аляксандр Класкоўскі:
- Поле для кампрамісу палягае ў прынцыповым пытанні вызвалення палітычных зняволеных.
Куды ж можа завесці Беларусь і ЗША спрэчка па закрытасці ці адкрытасці пытання палітзняволеных? Самы найгоршы варыянт разгортвання падзеяў – спыненне дыпламатычных адносін паміж краінамі. Вашынгтон можа пайсці на гэта ў тым выпадку, калі Беларусь не зменіць сваёй пазіцыі ў дыпламатычным канфлікце.
Учора ў праграме “Панарама” на тэлеканале “Першы” быў паказаны сюжэт, у якім вялося пра развіццё сітуацыі з шпіёнскай сеткай, якую стварыла амбасада ЗША. Вядома, такія прапагандысцкія сюжэты не дапамагаюць наладжваць двухбаковыя стасункі. Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што Злучаныя Штаты ўсё ж не будуць рэагаваць на ўчарашні “тэлесеанс”:
- Гэта быў фактычна перапеў тых самых прапагандысцкіх рэфрэнаў, якія гучалі раней. Таму не думаю, што Вашынгтон уздымецца на дыбкі і пачне палемізаваць з беларускім бокам.
Казаць пра тое, чым скончыцца канфлікт вельці цяжка. Усё залежыць ад таго, ці змогуць бакі знайсці кампраміс і дамовіцца паміж сабою, упэўнены палітолаг Аляксандр Фядута:
- Канфлікт не завершыцца хутка. Невядома таксама, калі ён завершыцца. Але зразумела, што гэта вельмі неразумны канфлікт з беларускага боку.
На самым пачатку развіцця дыпламатычнага канфікту паміж Беларуссю і ЗША амерыканская газета The Washington Post напісала: “Магчыма, вы ячшэ не ведаеце, дзе знаходзіцца Беларусь. Але хутка даведаецеся”. Вядомы грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўт Кіпель заўпэўніў сёння Рацыю:
- Амерыканцы сапраўды пільна сочаць за тым, што адбываецца ў стасунках двух краін. “Амерыканскі сябра” за гэтым сочыць. Грамадскае меркаванне, безумоўна, ведае, што адбываецца ў Беларусі.
Вітаўт Кіпель кажа, што амерыканскі народ цікавіцца не толькі лёсам сваіх дыпламатаў у Беларусі, але і агульным развіццём падзеяў у нашай краіне. Напрыклад, вялікі розгалас выклікалі збіцці журналістаў падчас акцыі ў Дзень Волі. Так што, прадказанне The Washington Post пачынае збывацца. Амерыканцы ўсё болей даведваюцца пра беларускія справы.




