Жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў супраць ціску ўладаў на адзінае незалежнае выданне Гродзенскай вобласці - "Газету Слонімскую". Акрамя гэтага, грамадзяне рыхтуюць зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць пераслед газеты.
У сувязі з пагрозай закрыцця адной з лепшых газет Усходняй Еўропы па версіі фонда часопіса “Цайт” жыхары Слоніма сталі на абарону выдання і збіраюць подпісы з заклікам да ўладаў спыніць ціск на “Газету Слонімскую”. На думку лекара мясцовага шпіталя і аднаго з ініцыятараў збору подпісаў Івана Шэгі, людзі з абурэннем успрымаюць захады ўладаў супраць незалежнага выдання і выказваюць вялікае жаданне стаць на абарону газеты.
- Усе жыхары Слонімшчыны перадусім разумеюць, што газета вельмі патрэбна. Збор подпісаў ажыццяўляецца на працягу трох дзён, але за гэты час не толькі гараджане, але і вясковыя жыхары тэлефануюць і выказваюць сваё жаданне далучыцца да кампаніі ў абарону “Газеты Слонімскай”.
Тым часам галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук паводле позвы наведаў сёння ваенкамат. Першапачаткова супрацоўнікі камісарыяту планавалі прыцягнуць яго да месячных вайсковых збораў, але паводле вынікаў медыцынскай камісіі Віктар Валадашчук не прыгодны да праходжання вайсковай службы ў мірны час. На яго думку, захады ваенкамата мэтанакіраваныя і носяць правакацыйны характар.
- Мне прапанавалі вайсковыя зборы як раз у той час, калі падатковая інспекцыя ажыццяўляе праверку дзейнасці, хаця супрацоўнікам ваенкамата дакладна вядома аб маім стане здароўя. Не ведаю, на што разлічвалі вайскоўцы, але супрацоўнікі ваенкамата не хавалі той факт, што з абласнога ваенкамата прыйшоў загад менавіта аб прыцягненні мяне да вайсковых збораў.
Мясцовыя ўлады пагражаюць “Газеце Слонімскай” ануляваць ліцэнзію на ажыццяўленне гандлёвай дзейнасці. На сённяшні дзень выданне мае магчымасць дайсці да чытачоў толькі праз сетку распаўсюднікаў, якія ажыццяўляюць яе продаж. Акрамя гэтага, арэндадаўца памяшкання, дзе знаходзіцца рэдакцыя газеты, адмаўляецца працягваць супрацоўніцтва і з 1 чэрвеня газета можа страціць юрыдычны адрас, што паводле беларускага заканадаўства аўтаматычна прывядзе да яе ліквідацыі.





