14-05, 17:26

Дзень народзінаў у “клетачку”

Адзначэнне Дня народзінаў за кратамі адрозніваецца ад аналагічнага святкавання на волі. Асуджаныя п’юць гарбату ці чыфір, “ламаюць” шакалад ды дораць імянінніку прадметы асабістай гігіены. Рацыя высветліла, як святкуюць свае Дні народзінаў беларускія палітвязні

Сёння свой Дзень народзінаў святкуе палітвязень Сяргей Парсюкевіч, яму споўніўся 41 год. Свае першыя народзіны за кратамі Парсюкевіч сустрэў у Жодзінскім СІЗА. Яго жонка Наталля ўжо даўно даслала ў турму паштоўкі, але адказу ўсё яшчэ не атрымала.

- Яго адправілі на Жодзіна і ад 2 траўня я лістоў не атрымліваю. Учора тэлефанавала ў следчы ізалятар, мне пацвердзілі, што ён у Жодзіна. Сказалі, каб я не хвалявалася наконт лістоў, яны дойдуць. Перапынак тлумачаць тым, што былі выходныя.

Паштоўка ды ліст ад родных – гэта адзіная радасць, якую могуць атрымаць палітычныя зняволеныя ў свой Дзень народзінаў. Хіба трохі могуць цешыць успаміны пра тое, як сьвяткаванні адбываліся раней.

- Звычайна ў гэты дзень ён працаваў, ён жа на рынке стужкай гандляваў. А цяпер ён у СІЗА… У свой Дзень народзінаў ён быў на працы, а ўвечары мы ехалі на шашлыкі…

У турме святкаванні Дня народзінаў куды болей сціплыя. Сям’ю замяняюць сукамернікі, а святочны стол – гарбата і шакалад. Аляксандр Казулін адзначыў у турме ўжо два святы нараджэння. Яго дачка Вольга распавяла Рацыі, як праходзілі бацькі гэтыя святкаванні.

- У першы раз яны паелі цукерак з гарбатай, але бацька не еў, бо трымаў тады галадоўку. А ў гэты Дзень народзінаў ён проста быў адзін…

Вольга Казуліна кажа, што ў свой апошні Дзень народзінаў яе бацька адзначыў у самоце, паколькі гэтаму паспрыяла адміністрацыі калоніі “Віцьба-3”. Турэмнае начальства наўмысна абмяжоўвае кантакты Казуліна з іншымі вязнямі.

- У адносінах да яго існуе інфармацыйная блакада, таму ён ні з кім там не размаўляе, не сябруе.

Увогуле ж, адміністрацыя турэмных установаў не праяўляе цікавасці да адзначэння Дня народзінаў асуджанымі. Пра гэта распавёў Рацыі былы палітвязень Андрэй Клімаў:

- Ды для адміністрацыі калоніі чым хутчэй зэкі падохнуць, тым лепей!

Андрэй Клімаў правёў за кратамі не адзін год. Ён кажа, што ў Дзень народзінаў асуджаныя не застаюцца без падарункаў. Прэзенты робяць іх сукамернікі.

- Падарункі дораць зраніцы: зубную пасту і шчотку, мыла, крэм для галення, могуць новыя шкарпэткі спрэзентаваць.

Свята і ў турме застаецца святам. Хоць яно і абмяжоўваецца, як кажа Андрэй Клімаў, “піццём гарбаты ды “ламаннем” шакаладу”, але нават такое сціплае адзначэнне здольнае прыўнесці ў жыццё вязна кроплю радасці.

Аляксей МІНЧОНАК

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя