15-05, 14:27

Музыкі на "Басовішчы" будуць раней класціся спаць

Басовішча будзе! Пра гэта заяўляюць арганізатары - Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Дата сёлетняга мерапрыемства - 18-19 ліпеня, традыцыйна фестываль пройдзе ў Гарадку. Гэта 35 кіламетраў ад Беластоку і толькі 16 кіламетраў - ад польска-беларускай мяжы. Фестываль пройдзе ўжо ў 19-ы раз, і, як сказаў старшыня БАСу Радэк Дамброўскі, магчыма, што свята беларускай музыкі зноў працягнецца тры дні - можа, яшчэ і 17 ліпеня:

- Мы як арганізатары абвяргаем інфармацыю, якую пачалі распаўсюджваць, мабыць, непрыхільныя фэстывалю. Маўляў, "Басовішча" ў гэтым годзе не будзе. Працягласць жа фестывалю стане вядомая пасля 23 траўня: менавіта тады завершым перамовы з адным са стратэгічных спонсараў.

Ну а сёння пачаўся прыём заявак ад маладых гуртоў на ўдзел у конкурснай частцы “Басовішча”. 

Адна з нечаканасцяў сёлетняга “Басовішча” - мясцовыя ўлады ў Гарадку папрасілі, каб усе канцэрты скончаліся да гадзіны ночы. Раней выступы цягнуліся да другой, а то і трэцяй гадзіны. Вось што кажа з гэтай нагоды кіраўнік Беларускага аб’яднання студэнтаў Радаслаў Дамброўскі:

- Гэта, канешне, прыкра, але такі мінус мы паспрабуем пераўтварыць у плюс. Нязначнае скарачэнне колькасці выступоўцаў дазволіць нам запрасіць гурты, якія “каштуюць” крыху болей.

“Басовішча” – гэта адзіны фэстываль у свеце, на якім у адным месцы збіраюцца ледзь не ўсе беларускія гурты. Пэўна, ужо цяжка падлічыць, колькі дакладна камандаў адыграла ва ўрочышчы Барык за 19 гадоў існавання “Басовішча”. Што ж да сёлетніх выступоўцаў, то пакуль арганізатары даюць толькі такую інфармацыю:

- Размовы з ўдзельнікамі фестывалю ўжо вяліся і вядуцца цяпер, тут таксама шмат залежыць ад таго, у колькі дзён будзе праводзіцца “Басовішча-2008”.

Пасля далучэння Польшчы да Шэнгенскай прасторы даволі востра паўстала пытанне атрымання візаў беларускімі грамадзянамі, якія хочуць трапіць на “Басовішча”. Не кожны музыка ці аматар музыкі здолее заплаціць 60 еўра толькі для таго, каб пераехаць беларуска-польскую мяжу. Але Радаслаў Дамброўскі супакойвае:

- Гэтае пытанне мы пачалі высвятляць на пачатку году, цяпер ёсць абяцанні намесніка старшыні камісіі замежных спраў польскага парламента спадара Роберта Тышкевіча, што праблемаў з афармленнем бясплатных візаў выступоўцам фестываля не будзе.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў паспрабуе дамагчыся спрыяння ў выдачы візаў не толькі для музыкаў, але і для гледачоў “Басовішча”:

- Калі вядзецца пра гледачоў з Беларусі, то зараз таксама пачынаюцца размовы з адпаведнымі ўстановамі, каб палегчыць рэжым выдачы візаў на “Басовішча”.

Добра традыцыяй “Басовішча” з’яўляецца правядзенне ў межах фестывалю конкурса маладых гуртоў. Іх адбор пачынаецца ў Мінску. Ён стартаваў сёння. Летась 10 удзельнікаў конкурсу былі адабраныя больш чым з 50 прэтэндэнтаў. У выніку пераможцам стаў гурт “Фляўс і Кляйн”. У якасці прызу хлопцы атрымалі 5 000 польскіх злотых і 20 гадзінаў запісу ў беластоцкай студыі “Рэмбрант”. Грошы і гадзіны запісу “Фляўс і Кляйн” яшчэ не скарысталі.

Пра гэта распавёў Рацыі гітарыст гурта Аляксандр:

- У чэрвені мы пачынаем запіс беларускамоўнага сінглу. Да грошай, якія нам спрэзентавалі, мы дадамо свае - і на той самай студыі “Рэмбрант” запішам рускамоўны альбом.

Цалкам верагодна, што першы беларускамоўны сінгл гурта “Фляўс і Кляйн” мы пачуем ужо на сёлетнім “Басовішчы”. Дарэчы, менавіта гэты фестываль паспрыяў беларусізацыі полацкага калектыва, заўпэўнівае Аляксандр:

- Пасля “Басовішча” мы пачалі болей задумвацца над беларускамоўнай праграмай. Фестываль паўплываў на нас у гэтым сэнсе. Зрэшты, да беларускай культуры мы і да гэтага часу ставіліся станоўча.

Маладыя беларускія гурты могуць падаваць заяўкі на ўдзел у “Басовішча” да 1 чэрвеня. З усімі умовамі і правіламі можна пазнаёміцца на сайце “Тузін Гітоў”.

Аляксей МІНЧОНАК
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя