16-05, 17:11

Казулін выкрывае апазіцыянераў, выгадных Лукашэнку

Былы кандыдат у прэзідэнты, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Казулін зрабіў заяву наконт маючых адбыцца ўвосень парламенцкіх выбараў.

“Для Лукашэнкі гэтыя парламенцкія выбары як ніколі важныя. Нездарма ён заяўляе пры ўсіх, што на выбары будуць запрошаныя ўсе ахвотныя, каб пераканаліся, што выбары будуць сумленнымі. Таму зараз такая важная кансалідацыя і яднанне ўсіх здаровых сілаў. Важны не сам удзел у выбарах, бо вынік загадзя вядомы. Важны жорсткі кантроль за выбарчымі ўчасткамі, каб пераканаўча паказаць, што ў нас выбары адбываюцца без выбару”, - лічыць палітык.

Аляксандр Казулін прапануе дамагацца замены скрыняў для галасавання на празрыстыя, прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях дэмакратычных сілаў, вызначыць найбольш прахадных кандыдатаў ад апазіцыі і сканцэнтравацца на іх прасоўванні, наладзіць добрую сувязь з міжнароднымі назіральнікамі.

Калі Лукашэнка не пойдзе на выкананне ўмоваў дэмсіл, то, на думку Казуліна, будзе відавочна, што ўлады задзейнічаюць зноў адміністрацыйны рэсурс і дэпутаты будуць абраныя па зацверджаных ім спісах.

“У такім выпадку кампанію праводзіць трэба, але дэмакратычным кандыдатам за дзень да выбараў неабходна зняць свае кандыдатуры. Гэты крок неабходны для таго, каб не даць Лукашэнку магчымасці праз подкуп асобных апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты сфармаваць “легітымны” у вачах міжнароднай грамадскасці парламент”, - заяўляе Казулін.

Ён лічыць, што ўлады пусцяць у Палату прадстаўнікоў каля дзесятка “так званых апазіцыйных дзеячоў”. Казулін даводзіць, што зняцце дэмакратаў з выбараў пакажа тых кандыдатаў, якія будуць пратэжэ Лукашэнкі. Ён таксама лічыць немагчымым сваё вызваленне да парламенцкіх выбараў.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя