Урад занепакоены сытуацыяй з рекламным бізнесам у Беларусі. Гэта пытанне стала тэмай для абмеркавання на паседжанні 1 ліпеня.
Паводле афіцыйных звестак летась гэта сфера прынесла пяць мільёнаў даляраў, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі сталіцамі гэта скрайне мала. Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі выказаў на паседжанні незадаволенасць станам вонкавай рэкламай. У прыватнасці ён прывёў такія лічбы – калі ў Празе на 10 тысячаў жыхароў налічваецца 48 рэкламных канструкцый, то на такую ж колькасць менчукоў – усяго 6.
Па выніку Сідорскі ацаніў дзейнасць міністэрства гандлю ў гэтым кірунку, як незадавальняючую:
-Нічога ў краіне не робіцца, акром таго, што вы зварачваеце бізнэс. А гэта паслугі. Паслугі, што фармуюць дадатковы ўнутраны валавы прадукт. Падаткі губляем. Усяго на пяць мільярдаў тут намалявалі бізнес у краіне.
Рэкламшчыкі ўвесь час намагаюцца адаптавацца да беларускіх рэаліяў, але не надта гэта проста. Выказванне Лукашэнкі пра “замызганых францужанак, што віселі ў Паўлава на кожным скрыжаванні” доўга яшчэ цытавалі ў рэкламных аддзелах. У 2005-м Лукашэнка настаяў на тым, каб на бігбордах змяшчаліся выявы толькі беларускіх грамадзянаў. Наогул жа рэкламны макет не так проста зацвердзіць.
Сведчыць кіраўнік аднаго з мінскіх рэкламных агенцтваў Артур Вакараў:
-Усе рекламныя макеты павінны прайсці цензуру, праз худсаветы, муніцыпальныя службы. Там вельмі спецыфічныя патрабаванні да падачы. Агульная культура кульгае. Не можа быць у адным кірунку добра, а ў астатніх кепска. То бок – калі кепска паўсюль, то так будзе і ў сферы вонкавай рэкламы.
На паседжанні 1 ліпеня гэты факт прызнаў і беларускі прэм’ер, які адзначыў, што працэс у рэкламнай сферы надта ўжо забюракратызаваны, а ведамствы, што адказваюць за размяшчэнне рэкламы, вельмі марудзяць з разглядам пытанняў. Адпаведна і ўмоваў для вядзення бізнэсу ў Беларусі няма.
Пакуль у сталіцы прыпынена размяшчэнне новых рэкламных канструкцыяў. Цягам месяца будзе праходзіць падлік і праверка ўжо існых бігбордаў. Да разгляду пытання вонкавай рэкламы беларускі ўрад вернецца 1 жніўня.
Сяргей БУДКІН, РАДЫЁ РАЦЫЯ







Каментары