Дзень незалежнасці, закліканы стаць нагодай да яднання ўсіх беларусаў, на сам рэч падзяляе грамадства на два лагеры. Адныя ў гэты дзень гуляюць па горадзе ці накрываюць сталы ў хатах. Іншыя ж працуюць і не лічаць 3 ліпеня сапраўдным Днём незалежнасці. Як святкуюць дзяржаўныя і апазіцыйныя палітыкі? Пра гэта ў матэрыяле Аляксея Мінчонка.
Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч афіцыйны Дзень незалежнасці адзначае дома. За адным сталом сабраліся яго сваякі, дзеці і ўнукі.
- Літаральна 25 хвілін таму прыехаў дамоў. Тут накрыты стол, жонка, дзеці, ўнучкі. Усе ў мяне! Зараз будзем святкаваць.
Але перад святочным абедам Сяргей Гайдукевіч пабываў на парадзе. Шэсце вайскоўцаў і фізкультурнікаў яму спадабалася. З прэзідэнтам Гайдукевіч не размаўляў, на парад ён прыйшоў з сваімі аднапартыйцамі.
- Бачна, што падрыхтоўка парада добрая. Мне спадабалася. Гэта мая краіна, гэта нашыя людзі ідуць! Усё там даволі добра. Прынамсі мне вельмі спадабалася.
А вось дэпутата верхняй палаты парламента Мікалая Чаргінца на парад не паклікалі. Раней Мікалаю Іванавічу заўсёды давалі запрашэнне, а гэты разам яно дасталося камусці іншаму. На арганізатараў сенатар не крыўдуе, а Дзень незалежнасці адзначае на сваім лецішчы.
- Я прыехаў з дачкой, жонкай і ўнукамі на лецішча. Мы адно аднаго павіншавалі. Увечары вып’ем па келіху шампанскага і ўсё.
У адрозненні ад дэпутатаў, апазіцыйныя беларускія палітыкі сёння працуюць. Да прыкладу, Партыя БНФ 3 ліпеня правяла сойм – гэта паседжанне партыйнага кіраўніцтва. Лідэра Руху “За Свабоду” тэлефанаванне Рацыі заспела за справамі. Адпачываць сёння Мілінкевіч не збіраўся.
- Я працую. Зараз у інтэнэце і пішу пэўныя паперы.
Аляксандр Мілінкевіч не лічыць 3 ліпеня Днём незалежнасці.
“Не варта блытаць дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў з днём пачатку дзяржаўнасці”, - кажа палітык.
- Дзень вызваленне ад фашызму для любага нармальнага чалавека з’яўляецца святочным. Але я не лічу, што гэта дзень народзінаў нашай дзяржавы. Мне здаецца, гэта ніяк з гісторыяй не звязана. Гэта дзень вызвалення Мінска.
Сябры апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай усклалі сёння кветкі да абеліску перамогі. Гэты дзень для іх з’яўляецца святочным, але не ў тым кантэксце, у якім яго вызначае дзяржава. 3 ліпеня – гэта не Дзень незалежнасці, кажа прэс-сакратар ПКБ Сяргей Вазняк.
- Мы сёння не адзначаем Дзень незалежнасці. Мы адзначаем дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Няма святочнага настрою сёння і ў сябраў “Маладога Фронту”. Дзень назалежнасці яны святкуюць 27 ліпеня, калі Вярхоўны савет прыняў дэкларацыю аб незалежнасці ад СССР. Сёння ж частка маладафронтаўцаў адпачывала, а частка працавала, кажа лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч.
- Сёння ніякіх цэнтралізаваных мерапрыемстваў не адбывецца. У некаторых гарадах людзі раздаюць агітацыйныя матэрыялы, прысвечаныя байкоту выбараў ды папулярызацыі МФ.
Аляксей МІНЧОНАК, РАДЫЁ РАЦЫЯ, МІНСК






