Прадстаўнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” сустрэліся з Генеральным пракурорам Рыгорам Васілевічам. Як адбывался сустрэча і што паабяцаў праваабаронцам генпракурор, Рацыі распавёў адзін з удзельнікаў Гары Паганяйла.
- Вы прадстаўлялі на сустрэчы сям’ю Казуліна, ці менавіта БХК?
- Мы выступалі як праваабаронцы. Прадстаўляць інтарэсы сям’і Казуліных нас ніхто не ўпаўнаважваў.
- Цяжка было дамагчыся сустрэчы з Васілевічам?
- На здзіўленне гэта аказалася не вельмі складана. Пытанне было вырашанае вельмі хутка. Васілевіч асабіста прыняў нас са сваімі дарадцамі.
- Як адбывалася сустрэча?
- Васілевіч нас уважліва выслухаў, выслухаў усе аспекты сітуацыі, паколькі яна мае не толькі юрыдычныя, але і іншыя аспекты. І паабяцаў, што будзе вырашаць праблему. Як ён гэта будзе рабіць, гэта не нам вырашаць. Але ў іх ёсць дакументы, у іх ёсць паўнамоцтвы і яны могуць разрульваць гэтую непрыемную сітуацыю.
- Генпракурор можа распарадзіцца, каб Казуліну прадаставілі кароткатэрміновы адпачынак?
- Безумоўна, у іх ёсць такое права, і гэта прадугледжана заканадаўствам. З улікам выключнасці сітуацыі і самой фігуры Казуліна, пытанне можа быць вырашана станоўча. Гэта было б і цывілізавана, і гуманна. І станоўча было б ацэнена і нашай грамадскасцю, і міжнароднай. А вось тое, што яны не жадаюць гэта рабіць, – гэта выглядае крайне непрыгожа.
- Колькі Васілевіч узяў на роздум?
- Вы ж ведаеце, што гаворка ідзе пра пахаванне челавека. І згодна з народнымі традыцыямі, рабіць гэта трэба не пазней, чым на трэці дзень. Таму прымаць рашэнне трэба сёння - і неадкладна. А ўвогуле гэта трэба было зрабіць яшчэ ўчора.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




