29-02, 15:49

Анатоль Лябедзька згодзен паспрачацца з Аляксандрам Лагвінцом за Сухараўскую акругу

За два дні да тэрміну, калі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы павінны зацвердзіць адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстўнікоў, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Мілінкевіча Аляксандр Лагвінец выступіў з нечакай ініцыятывай. Ён прапанаваў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку правесці ў Сухараўскай выбарчай акрузе праймерыз і высветліць, хто з двух прэтэндэнтаў мае большую падтрымку сярод выбаршчыкаў.

Цікавыя ў гэтай сітуацыі дзве акалічнасці: па-першае – Анатоль Лябедзька ўжо афіцыйна зацвержданы кандыдатам у дэпутаты па дадзенай акрузе, а па-другое – рух “За Свабоду” раней заяўляў, што не будзе вылучаць кандыдатаў на парламенцкіх выбарах.

Сам спадар Лагвінец кажа, што нічога дзіўнага не адбылося. Паводле ягоных словаў, для жыхароў Сухарава ён не менш знаёмая фігура, чым Анатоль Лябедзька. Тым больш, што ў 2004 годзе палітык ужо балатаваўся па ёй у дэпутаты парламента, у 2006 - узначальваў мясцовы выбарчы штаб Алякандра Мілінкевіча, а летась прымаў удзел па Сухараўскай выбарчай акрузе ў выбарах сталічных дэпутатаў. Чаму паспрачацца за права абірацца ў дадзенай акрузе па адзінаму спісу АДС палітык вырашыў толькі зараз, Аляксандр Лагвінец тлумачыць наступным:

- Я не думаю, што я спазніўся, паколькі да пачатку выбарчай кампаніі яшчэ чатыры месяцы. І нішто ў папярэднія гады не замінала патэнцыйным прэтэндэнтам працаваць з выбаршчыкамі, чым я і займаўся. Да таго ж, мне была не вельмі зразумелая працэдура абрання кандыдатаў з адзінага спісу, якую вызначылі палітычныя партыі. А зараз з’явілася магчымасць рабіць гэта на сходах дэмакратычнай грамадскасці. Такая працэдура, на мой погляд, больш празрыстая.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю Рацыі заявіў, што гатовы прыняць удзел у такіх праймерыз:

- Нягледзячы на тое, што гэта прапанова спазнілася на сем месяцаў (бо адзіны спіс пачаў складацца менавіта тады), нягледзячы на тое, што паўтара месяца таму Мінская гарадская кааліцыя вызначыла па працэдуры, якая была прапанавана, спіс кандыдатаў па горадзе Мінску, я, у прынцыпе, не супраць.

Але замест правядзення сходу грамадскасці Анатоль Лябедзька прапануе правесці ў акрузе сацапытанне. І каго патрымаюць выбаршчыкі, той і павінен балатавацца ў парламент. Гэта, паводле лідэра АГП, будзе больш дэмакратычна:

- Працэдура вызначэння мацнейшага па схеме: колькі ты прывядзешь людзей на сход, - гэта для тых, у каго няма каманды. У мяне ёсць каманда, і ў Лагвінца, наколькі я ведаю, таксама ёсць каманда. Таму для нас трэба вызначыць іншы, больш дэмакратычны варыянт. Я прапаную правесці ў акрузе сацапытанне, каб да гэтага працэса далучылася як мага больш выбаршчыкаў. Хай менавіта яны, а не актывісты, не нейкая невялікая група людзей, вызначаць, хто з нас мацнейшы.

Пры гэтым Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што ў прапанове Лагвінца хаваецца небяспека для дэмакратычных сіл. Таму што такім чынам можа быць створаны прэцэдэнт. І зараз, калі адзіны спіс амаль цалкам падрыхтаваны, некаторыя палітыкі, якія раней адмаўляліся ўдзельнічаць у выбарах, таксама могуць запатрабаваць правесці праймерыз у іншых акругах.

- Гэта небяспечна не таму, што хтосьці з нас хвалюецца, што пацерпіць паразу падчас “перадвыбараў”, а таму, што часу для гэтага ўжо не засталося.

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя