На думку знанага праваабаронцы і публіцыста, якога не зарэгістравалі кандыдатам на прэзідэнта Расіі, учора ў Расіі былі не выбары, а проста цырымонія прызначэння пераемніка.
У апошнім выпуску праграмы “Госьць Белсату” Уладзімір Букоўскі, што стала жыве ў Англіі, наконт стасункаў Беларусі і новага кіраўніцтва суседняй краіны сказаў адно:
- Калі б былі насамрэч дэмакраты, то беларусам не трэба б было асабліва непакоіцца. Пагрозы іх незалежнасці не было б. Але дэмакратам не дазволілі ўдзельнічаць у гэтых так званых выбарах. Гэта проста цырымонія прызначэння пераемніка. (…) Працэдура, якая нікому не патрэбная – лепш бы ўжо аб’явілі пераемніка без гэтых цырымоній.
На думку Букоўскага, Дзмітрый Мядзведзеў не збіраецца і не будзе прымаць аніякіх рашэнняў.
- Рашэнні будуць прымаць за яго. Гэта ўжо аб’яўлена, гэта ўжо дадзена зразумець. Так што гэта будзе працяг таго, што было пры Пуціне. (…) Які б ён там ні быў чалавек, кіраваць будзе не ён, галоўныя рашэнні будзе прымаць не ён.
Вядомы дысідэнт здзіўляецца ліберальнай рэпутацыі новага прэзідэнта Расіі:
- Як Мядзведзеў раптам набыў рэпутацыю ліберала – я не ведаю. Гэта ўвогуле здзіўляе. Ён нідзе лібералізма не праяўляў, ён чыноўнік.
Уладзімір Букоўскі падкрэслівае, што ўсе дасягненні Расіі падчас кіравання краінай Уладзіміра Пуціна – “гэта не заслуга Пуціна, а вынік удалай кан’юктуры – кошты на нафту і газ”.
Больш за ўсё Букоўскага непакоіць цяперашні стан расійскага грамадства:
- Грамадства запужанае. Палітычныя рэпрэсіі – людзі замаўчалі. (…) Апатыя, нявер у сябе. І гэта не дазваляе чаго-небудзь дабіцца. Пакуль людзі не вераць, што ад іх паводзінаў будзе залежаць іх будучыня, пакуль яны не вераць у тое, што ад іх пазіцыі будзе залежыць, як яны будуць жыць - нічога зрабіць нельга. Гэта вось і ёсць летаргічны сон. Трэба каб людзі нарэшце ўсведамілі сябе грамадзянамі. Гэта трэба тлумачыць, паказваць на прыкладах, неяк арганізоўваць, надаваць ім, скажам так, мужнасці.
Што да спробы балатвацца на пасаду кандыдата ў прэзідэнты, то Букоўскі кажа:
- Мая мэта была вельмі абмежаваная. Я выдатна разумеў, што мне ніхто не дазволіць ісці далей вызначанага ўзроўня. Мая задача была менавіта надаць нейкай мужнасці грамадству, бо людзі баяцца. Прыехаць і сказаць: вось я не баюся.
Зараз усё залежыць ад насельніцтва. Калі грамадства пажадае змяніць сітуацыю, то яно яе зменіць, як гэта было ва Украіне, Грузіі. Гэты варыянт заўсёды існуе і ў расійскім грамадстве.
Горшым варыянтам сітуацыі ў Расіі праваабаронца бачыць наступнае:
- Усё пасыпецца паступова, будзе стагнацыя, рэжым, які толькі рабуе і ночага не робіць, цэны ў нейкі момант пойдуць уніз – і тады краіна проста разваліцца.




