03-03, 17:11

Дэпутат Касцян: Мядзведзеву трэба выбачыцца перад беларусамі за “газавае ўдушэнне”

Падчас сваёй першай пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах прэс-канферэнцыі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ў знешняй палітыцы Расіі прыярытэтным накірункам застаецца супрацоўніцтва з краінамі СНД. Менавіта ў адну з іх новаабраны кіраўнік Расіі і мае намер здзейсніць свой першы афіцыйны візіт. Куды ж адправіцца бліжэйшым часам новы гаспадар Крамля?

Першы афіцыйны візіт любога новаабранага кіраўніка дзяржавы выклікае вялікую цікавасць з боку прэсы. Бо ён сведчыць пра знешнепалітычныя прыярытэты новай палітычнай каманды, якая прыходзіць да ўлады разам з пераможцам прэзідэнцкіх выбараў. Асабліва, калі гаворка ідзе пра такую краіну, як Расія.

Што тычыцца Дзмітрыя Мядзведзева, першае, што прыходзіць у думкі – гэта Беларусь, Расія і Украіна. З Беларуссю Расія ўсё яшчэ спрабуе гуляць ў гульню пад назвай Саюзная дзяржава. З Казахстанам апошнім часам у Расіі таксама склаліся вельмі добрыя адносіны. Пра гэта, прыкладам, сведчыць той факт, што таваразварот паміж краінамі падвышаецца значна большымі тэмпамі, чым з Беларуссю. Да Украіны ў расійскага палітычнага істэблішмэнта таксама ёсць вялікая цікавасць – гэта не толькі ўкраінскія нафта- і газаправоды і прадпрыемствы, але яшчэ і праблема сплочвання запазычанасці за вуглевадароды, якая складае сотні мільёнаў долараў. Дык каго – Лукашэнку, Назарбаева, ці Юшчанку пажадае першым убачыць Дзмітрый Мядзведзеў?

На думку намесніка старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касцяна, першым пунктам свайго афіцыйнага візіту новы расійскі прэзідэнт абавязкова абярэ Мінск:

- Калі Ельцын стаў прэзідэнтам, то першы яго афіцыйны візіт з краін СНД быў у Мінск. Калі Пуцін быў прызначаны прэм’ер-міністрам, то першы яго візіт быў у Мінск. Калі Пуцін быў абраны прэзідэнтам, ён таксама прыехаў у Беларусь. І ўсе прэм’ер міністры, якія прызначаліся - ад Ельцына да Зубкова, свае першыя візіты рабілі ў Беларусь. Таму, я думаю, што і Дзмітрый Мядзведзеў не будзе парушаць гэтую традыцыю.

Да таго ж, паводле Сяргея Касцяна, у Дзмітрыя Мядзведзева ёсць запазычанасць перад беларускім грамадствам:

- Яму трэба выбачыцца сваю віну перад беларусамі, даказаць, што ён застаецца прыхільнікам СНД і славянскага адзінства. Таму што ён быў адным з сааўтараў газавага ўдушэння Беларусі, калі з’яўляўся старшынём савету дырэктароў “Газпраму”.

Падтрымлівае гэтае меркаванне і сябар міжнароднай камісіі парламенту, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч:

- Мы спадзяемся, што свае наведванні краінаў СНД Дзмітрый Мядзведзеў пачне з Беларусі. І я думаю, што мы маем на гэта права, таму што наша дзяржава мае саюзніцкія адносіны з Расіяй. Сёння, а палове дзесятай я патэлефанаваў у штаб-кватэру “Адзінай Расіі” і шчыра павіншаваў іх з перамогай у прэзідэнцкіх выбарах. А тасама запытаўся: Спадзяюся, што вы Рэспубліку Беларусь паставіце на адпаведнае месца пры наведванні краінаў СНД. Мне адказалі: Так, Сяргей Васілевіч…

А вось на думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, не выключана, што свой першы візіт у новым статусе Дзмітрый Мядзведзеў здзейсніць ва Украіну. Гэта можа адбыцца, калі нафтагазавы канфлікт з афіцыйным Кіевам не будзе ўрэгуляваны на ўзроўні прэм’ер-міністраў. Пры гэтым палітык адзначыў, што візіт Мядзведзева ў любую іншую краіну, акрамя Беларусі, будзе ўспрыняты Лукашэнкам як асабістая абраза і паказчыкам стаўлення новага прэзідэнта Расіі да тэмы саюзнай інтэграцыі:

- Я думаю, што гэта можа быць выкарыстана як фактар ціску на Лукашэнку. Таму што, калі Мядзведзеў паедзе, прыкладам, ва Украіну ці ў Казахстан, то гэта будзе, ў нейкім сэнсе, асабістая абраза для Лукашэнкі і такая публічная дэманстрацыя, што Лукашэнка не ёсць партнер № 1 для Расіі.

Як адзначае Лябедзька, шмат што ў гэтым пытанні будзе залежыць ад таго, пра што дамовілася беларускае і расійскае кіраўніцтва спачатку ў снежні ў Мінску, а потым у лютым у Сочы:

- На жаль, але поўнай інфармацыі на гэты конт грамадства не мае.

Таму, на думку Анатоля Лябедзькі, беларускаму кіраўніцтву яшчэ зарана рыхтаваць трыкалоры, каб сустракаць расійскую афіцыйную дэлегацыю на чале з Дзмітрыем Мядзведзевым.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя