4 сакавіка споўнілася 50 гадоў старшыні Партыі БНФ, вядомаму грамадскаму дзеячу, выкладчыку і перакладчыку Лявону Баршчэўскаму.
Рацыя павіншавала яго з юбілеем і задала некалькі пытанняў.
- Спадар Лявон, па-першае, віншуем вас з юбілеем. Як будзеце адзначаць?
- Мы сустракаемся вечарам з сябрамі. У асноўным гэта будуць выкладчыкі ліцэя. Я зараз, па сутнасці, яшчэ знаходжуся на занятках ў ліцэі. Ну а таксама, безумоўна, прыйдуць мае блізкія сябры з палітычных і творчых колаў, з якімі я даўно знаёмы і якія аказалі ўплыў на мае жыццё. І заадно я пазнаёмлю іх са сваёй апошняй працай – 28-моўным беларуска-еўрапейскім слоўнікам, які толькі што выйшаў ва Уроцлаве. Гэта - галоўная падзея-падарунак, якую я падрыхтаваў сабе на свае 50-годдзе.
- А хто з палітыкаў ужо павіншавай вас са святам?
- З палітыкаў я нават і не прыпомню, акрамя сваіх паплечнікаў, а з грамадскіх дзеячоў, безумоўна, шмат хто павіншаваў - і мастакі, і пісьменнікі, і ўвогуле дзеячы грамадскага руху.
- Што нават калегі па Аб’яднаных дэмакратычных сілах не павіншавалі?
- Не, пакуль што не. Але спадзяюся, што павіншуюць яшчэ.
- Не так даўно вам прыйшлося ўзначаліць Партыю БНФ. Але, калі казаць шчыра, што вам бліжэй - палітыка, навуковая ці грамадская дзейнасць?
- Я ніколі не хаваў таго, што мае вяртанне ў кіраўніцтва Партыі БНФ абмежаванае ў часе. Зараз я рыхтую замену сабе і ствараю новае кіраўніцтва. Тое, якое будзе надалей эфектыўна працаваць.
- А ці можаце зараз сказаць па персаналіях, хто можа заняць вашую пасаду?
- Я разглядаю сем кандыдатур. І канчатковага выбару яшчэ не зрабіў. Дарэчы, абіраць новага кіраўніка партыі ўсё роўна будзе з’езд. Так што - пабачым.
Кастусь ВАНСЯЦКІ




