06-03, 16:43

Талін – цэнтр новай беларускай апазіцыі

У сераду ў эстонскую сталіцу з’ехаліся беларускія палітыкі ды актывісты з розных краінаў свету, каб абмеркаваць супольны фармат працы. Удзельнікаў кангрэсу віталі на дзяржаўным узроўні, віцэ-спікер эстонскага парламенту зладзіла прыём ў гонар беларускага мерапрыемства. Чаму эстонцы думаюць пра Беларусь і што вырашылі беларускія палітычныя сілы “новага пакалення” падчас сустрэчы ў Таліне – у рэпартажы Рацыі.

Ідэяй сабраць у адзін час і ў адным месцы ўсіх прадстаўнікоў новага пакалення беларускай апазіцыі задаліся актывісты ініцыятывы “Трэці шлях”. Павел Марозаў і Андрэй Абозаў з’ехалі з Беларусі, калі на іх завялі крымінальную справу за абразу прэзідэнта, і папрасілі палітычнага прытулку ў Эстоніі. Спачатку актывісты хацелі зладзіць сустрэчу з сваімі калегамі па Маніфесту – маладзёвымі рухамі ды ініцыятывамі, што працуюць у Беларусі, але потым ідэя трансфармавалася. У выніку атрымаўся досыць прадстаўнічы форум, які атрымаў назву “Першы кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША”. З запрошаных даехалі не ўсе. Апавядае Павел Марозаў:

- Змітра Дашкевіча проста не выпусцілі за мяжу. Хацелі пабачыць Алеся Міхалевіча, Юрася Губарэвіча, Паўла Севярынца, але ў іх не атрымалася.

Затое на талінскі кангрэс прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з Амерыкі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, а таксама актывісты з Беларусі. Адгукнуліся на запрашэнне такія асобы як Зянон Пазняк, Якаў Гутман (старшыня Сусветнага аб’яднання беларускіх габрэяў), скульптар Алесь Шатэрнік. Сярод удзельнікаў быў і сябра аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксей Шэін. Палітык заўважыў, што ўдзельнікаў кангрэсу прымалі на самым высокім узроўні:

- Мы сустракаліся з дэпутатамі парламенту, міністрам замежных спраў Эстоніі і з віце-спікерам парламенту спадарыняй Крысцінай Ойланд. Яна вельмі ўплывовы чалавек, адна з лідэраў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Сільвер Мейкар уваходзіць у камісію па замежных справах эстонскага парламенту і кіруе адмысловай парламенцкай групай, што займаецца беларускім пытаннем. Менавіта з ініцыятывы гэтай групы эстонскі ўрад летась вылучыў 46 тысячаў долараў на стыпендыі беларускім студэнтам, выключаным праз палітыку з сваіх ВНУ. Сільвер Мейкар прызнаецца, што жыва цікавіцца тым, што адбываецца ў нашай краіне і хвалюецца за яе лёс. Наогул, са слоў парламентара, Беларусь выклікае вялікі інтарэс у эстонскай грамадскасці:

- Між нашымі краінамі нейкія дзве сотні кіламетраў. Тут шмат людзей, якім неабыякава тое, што адбываецца ў Беларусі. Я бачу, што цікавасць вялікая. Хоць бы з боку палітыкі, таму што для эстонцаў найбольш важна, каб паўсюль было спакойна, каб панавала дэмакратыя, асабліва ў краінах нашага рэгіёна.

Удзельнікі першага кангрэсу новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША за галоўны вынік лічаць тое, што адбыўся дыялог, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў, розных палітычных сілаў з розных краінаў. Кажа Павел Марозаў:

- Вырашылі працаваць па накірунках. Першы з іх – палітычна-лабісцкі. Трэба фармаваць платформу, на падставе якой прадстаўляліся бы нацыянальныя інтарэсы нашага народа. І рабілася гэта не менш эфектыўна, чым Міністэрства замежных спраў Беларусі прэзентуе інтарэсы кіруючага рэжыма.

У выніку сфармаваліся тры працоўныя групы беларускага кангрэса, кожная будзе працаваць цяпер у сваім кірунку. Інфармацыйная група ўжо ўзялася за стварэнне незалежнага інтэрнэт-тэлебачання, а культурніцая збіраецца зладзіць беларускую выставу “Мастацтва супраць дыктатуры” з экспазіцыяй у амерыканскім Кангрэсе і эстонскім парламенце.

 

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя