13-03, 16:59

Вінцук Вячорка: Беларускі тыдзень у Еўрапарламенце – падзея беспрэцэдэнтная

У Еўрапейскім парламенце сёння скончыўся беларускі тыдзень, прысвечаны 90-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Цягам некалькіх дзён прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці мелі ў Страсбургу сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі, таксама былі арганізаваныя беларускія культурніцкія імпрэзы.

Ініцыятарам ідэі правядзення ў Еўрапарламенце беларускага тыдня выступіў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Менавіта ён прапанаваў ідэю правесці гэтае мерапрыемства ў Страсбургу напярэдадні 90-х угодкаў БНР. Ідэю падтрымалі старшыня Еўрапарламенту Ганс-Герд Пётэрынг і старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч. Да арганізацыі тыдня далучылася і парламенцкая фракцыя Еўрапейскай народнай партыі. Вось, як Вінцук Вячорка ацэньвае вынікі беларускага тыдня:

- Беларускі тыдзень у Еўрапарламенце прысвечаны 90-годдзю незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі - сама па сабе падзея без прэцэдэнтаў. Гэта ёсць адназначнае прызнанне задзіночанаю Еўропай і права беларускага народу на незалежную дзяржаўнасць, і таго, што нашая дзяржаўнасць мае глыбокія сапраўдныя карані. У форме БНР – першага ўзору дэмакратычнай беларускай дзяржавы еўрапейскага стандарту.

Беларуская дэлегацыя была даволі прадстаўнічай. Гэта палітыкі, грамадскія дзеячы, творчыя асобы, а таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. На думку Вінцука Вячоркі, гэтымі днямі ў Еўрапарламенце было прадэманстравана ўсяму свету паяднанне дзейных беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячоў ды Рады БНР ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў.

Беларуская дэлегацыя мела сустрэчы са старшынём Еўрапарламенту Гансам-Гердам Пётэрынгам, еўракамісарам ў справе знешніх дачыненняў Бенітай Ферэра-Вальднэр, кіраўніцтвам фракцыі Еўрапейскай народнай партыі і камітэту міжнародных дачыненняў.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч на сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі падымаў пытанне зніжэння кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі. Адбыліся выставы мастакоў Аляксея і Ігара Марачкіных, беларускіх фотамайстроў, а таксама лідэра гурту WZ Orkiestra Змітра Вайцюшкевіча. Пра апошні дзень беларускага тыдня ў Еўрапарламенце распавядае Вінцук Вячорка:

- Мы дагэтуль працягваем сустрэчы. Толькі што размаўлялі з еўрадэпутаткай ад Літвы Лаймай Андрыкене, цяпер размаўляем са шведскімі еўрадэпутатамі. Ну і было пленарнае паседжанне дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, якую ўзначальвае Яцэк Пратасевіч. Мы выкладалі нашу пазіцыю наконт таго, што патрабаванні да ўладаў павінны быць нязменнымі і няскратнымі – гэта значыць вызваленне палітычных вязняў і спыненне палітычных рэпрэсій. Забеспячэнне хаця б мінімальных стандартаў выбараў. Дзеля таго калі рэжым хоча пераадолець ізаляцыю, каб ён яе пачынаў пераадольваць.

Паводле Вячоркі, незалежнасць Беларусі ёсць перадумовай любых стратэгіяў, а 12 патрарабаванняў Еўрасаюзу да беларускіх уладаў, на думку сябраў дэлегацыі, павінны быць больш дэталёва расшыфраваныя. Недапушчальная таксама сітуацыя, калі некаторыя беларускія ўніверсітэты карыстаюцца з падтрымкі розных еўрапейскіх фондаў, а потым іх рэктары выключаюць студэнтаў па палітычных матывах. Пазіцыі ЗША і Еўрасаюзу ў справе Беларусі павінны быць максімальна скаардынаваныя і ўзгодненыя.

Аляксандр Мілінкевіч сёння ўжо знаходзіцца ў Брусэлі, дзе бярэ ўдзел у саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Еўрапейскай народнай партыі. Разам з Нікаля Сарказі, Ангелай Меркель, Сільвіё Берлусконі ді іншымі лідэрамі еўрапейскіх краінаў.
 

 

Алег АСКЕРКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя