13-03, 18:01

Галадоўка, якую ніхто не заўважыў

Праз тры дні пасля абвяшчэння галадоўкі пра братоў Скрабцоў забылася нават незалежная прэса. Між тым, да акцыі пратэсту абяцаюць далучыцца новыя ўдзельнікі.

У панядзелак Сяргей і Аляксандр Скрабцы абвесцілі пра тое, што распачынаюць бестэрміновую галадоўку. Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення Аляксандра Казуліна і абяцаюць галадаць, пакуль гэта не будзе зроблена. Калі для былога вязня калоніі “Віцьба-3” Сяргея Скрабца гэта будзе ўжо пятая па ліку палітычная галадоўка, то яго брат Аляксандр робіць гэта ўпершыню. Аднак, як паведаміў Рацыі Сяргей Скрабец, пакуль абодва пратэстуючых адчуваюць сябе нармальна:

- Зараз я вяду даволі актыўны лад жыцця. Шмат гуляю на вуліцы, каб не дапусціць інтаксікацыі арганізму. Вы ж ведаеце, самыя складаныя ў галадоўцы – гэта першыя дні. Калі асабліва муціць.

Паводле Сяргея Скрабца, за тры дні сваю падтрымку ім выказалі толькі некалькі палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, а таксама невялікая колькасць студэнтаў-каліноўцаў. Некаторыя з іх нават абяцалі падтрымаць іх акцыю пратэсту. Але ўсё роўна, як адзначае Скрабец, пераважная большасць грамадства нават і не заўважыла іх пратэст:

- Але я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Галадоўка – гэта ментальны пратэст. Мы ж не заклікаем усіх на барыкады. Гэта спаборніцтва духа. А тое, што не далучыўся пакуль ніхто… Ну, мы не можам кагосьці прасіць: падтрымайце нас, галадайце разам з намі. Гэта кожны павінен вырашаць сам.

Сярод тых, хто бліжэйшым часам усё ж мае намер далучыцца да галадоўкі братоў Скрабцоў, экс-палітзняволены, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і вядомая грамадская актывістка Таццяна Ваніна. Сваё рашэнне яна тлумачыць наступным:

- Насамрэч я тэлефанавала ўчора Сяргею Скрабцу. І выказалася ў падтрымку іх акцыі. І гатова сама яе падтрымаць, наколькі хопіць сіл. Такія дзеянні немагчыма не падтрымліваць, асабліва, калі яны маюць такую вялікародную мэту.

Таццяна Ваніна нават прапанавала правесці напярэдадні 25 сакавіка, калі споўніцца два гады, як арыштавалі Аляксандра Казуліна, галадоўку-эстафету, да якой хоць на адзін дзень зможа далучыцца любы неабыякавы да лёсу экс-кандыдата ў прэзідэнты грамадзянін.

Гэтую ідэю ўжо падтрымаў адзін з паплечнікаў Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч:

- Я нагадаю, што такую акцыю мы праводзілі ў снежні 2006 году, каб спыніць беспрэцэдэнтную галадоўку Аляксандра Казуліна. Удзел у акцыі прынялі больш за 500 чалавек па ўсім свеце. Я лічу, што і зараз правесці такую акцыю было б вельмі слушна.

Праўда, ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць адзін не вельмі прыгожы момант: пакуль апазіцыя будзе вырашаць, каму, калі і як падтрымаць акцыю, браты Скрабцы ўдвох будуць галадаць ужо некалькі тыдняў.
 

 

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя