14-03, 13:02

Польскія сяляне адкажуць за абразу бел-чырвона-белага сцяга

На думку маршалка Падляшша Яраслава Дважанскага, менавіта кіраўніцтва Польскай сялянскай партыі мусіць разглядаць інцыдэнт з беларускім нацыянальным сцягам, бо ўдзельнік скандалу дэпутат сойміку Мікалай Яноўскі з’яўляецца сябрам гэтай партыі.

Маршалак Падляшша Яраслаў Дважанскі не мае магчымасці ўплываць на паводзіны дэпутатаў сойміку, паведаміў дырэктар кабінета маршалка Збігнеў Нікітаровіч, каментуючы Рацыі інцыдэнт, які меў месца падчас 15-га фестывалю “Беларуская песня-2008” у Беластоку. Нагадаем, тады з канцэртнай залы былі груба выкінутыя студэнты-каліноўцы, якія разгарнулі ля сцэны бел-чырвона-белы сцяг.

Тым не менш, кажа Збігнеў Нікітаровіч, “маршалак Яраслаў Дважанскі шкадуе, што такі інцыдэнт меў месца, бо, несумненна, кожны нацыянальны сцяг павінен быць у пашане”.

- Маршалак, аднак, не можа прымусіць усіх дэпутатаў сойміку Падляшша шанаваць сімвалы суседняй дзяржавы.

Маршалак Дважанскі лічыць, што справа абразы сцяга павінна быць разгледжана чальцамі Польскай сялянскай партыі, адкуль і паходзіць дэпутат сойміка Мікалай Яноўскі, які першы рэзка адрэагаваў, калі студэнты выйшлі з бел-чырвона-белым сцягам да сцэны.

Нагадаем, што ліст наконт гэтага выпадку быў накіраваны ў канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Падпісалі яго старшыні трох беларускіх арганізацыяў у Польшчы: Беларускі Саюз, Беларускае Гістарычнае Таварыства і Беларускае Абяднанне Студэнтаў. Як стала вядома, зараз ліст разглядаецца ў Дэпартаменце па справах ксенафобіі і расізма Міністэрства унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
 

 

Валянціна ЛАЕЎСКАЯ

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя