Выхад “Маладога фронту” з кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў іх старэйшыя калегі ўспрынялі не надта пазітыўна. Вінцук Вячорка называе гэтае рашэнне інфантыльным, а Сяргей Калякін кажа пра ўплыў антынезалежніцкіх сілаў. Тым часам “Малады Фронт” сцвярджае, што рашэнне было прынятае самастойна і збіраецца чыніць перашкоды кандыдатам-камуністам на парламенцкіх выбарах.
Заява “Маладога Фронту” пра выхад з АДС праз удзел у ёй камуністаў лідэра апошніх не здзівіла. Сяргей Калякін кажа, што калі кіраўнікі “Маладога фронту” лічаць такую тактыку паводзінаў слушнай, то гэта ўнутраная справа гэтай арганізацыі. Але, на думку кіраўніка апазіцыйных камуністаў, рашэнне пра выхад з кааліцыі “Малады Фронт” прыняў несамастойна:
- Яны сёння пачалі гуляць у гульні, у якіх іх уцягваюць сілы, што не за дэмакратыю ў Беларусі і ў якіх абсалютна іншыя мэты.
Якія дакладна сілы маглі падштурхнуць “Малады Фронт” выйсці з кааліцыі Сяргей Калякін не ведае. Але ён не выключае, што гэта можа быць правакацыяй КДБ, які хоча парушыць хісткую еднасць у апазіцыйным асяроддзі. Аднак гэтае меркаванне Сяргея Калякіна абвяргае лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч:
- “Малады фронт” прыняў гэтае рашэнне самастойна. Я лічу, што камуністы - гэта першая сіла, якая не жадае незалежнасці Беларусі.
Зміцер Дашкевіч кажа, што рашэнне аб выхадзе з кааліцыі далося “Маладому фронту” не проста. Але кааліцыя, на думку Дашкевіча, ідэйна дэградавала і выхад з яе быў жэстам маральным і духоўым. Заставацца ў адным аб’яднанні з камуністамі “маладафронтаўцы” не хочуць. Дашкевіч нават абяцае чыніць перашкоды кандыдатам ад Партыі камуністаў Беларускай на будучых парламенцкіх выбарах.
- Мы зробім усё, каб на кожнай акрузе, дзе балатуецца камуніст, быў альбо альтэрнатыўны кандыдат, альбо праведзеная кампанія супраць і камуніста, і прадстаўніка ўлады.
Ідэалагічныя сутыкненні ў кааліцыі дэмакратычных сілаў – рэч ужо даволі звыклая. Напрыклад, сталася традыцыйным, што камуністы не бяруць удзел у арганізацыі святкавання Дня волі, а прадстаўнікі Партыі БНФ не ўваходзяць у арганізацыйныя камітэты шэсцяў на 1 траўня. Але пазбягаць адкрытых канфрантацый апазіцыйным палітыкам удаецца. Вось што пра гэта распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
- Мы не абмяркоўваем тых пытанняў, якія нас падзяляюць, а дамаўляемся дзейнічаць супольна па тых пытаннях, якія нас аб’ядноўваюць.
Відаць, “Малады фронт” стрымацца не здолеў і заплюшчваць вочы на ідэалагічныя супярэчнасці партнёраў не захацеў. Вінцук Вячорка тлумачыць гэта юнацкім максімалізмам:
- Гэтае рашэнне, на маю думку, абсалютна інфантыльнае. Яно не мае ніякага дачынення да палітычнай стратэгіі і да ўмення вызначаць сапраўднага ворага.
Аляксей МІНЧОНАК




