20-03, 22:22

Жыхары намётавага гарадку: мы вернемся! (фота)

20 сакавіка споўнілася два гады з таго моманту, як на Кастрычніцкай плошчы быў створаны намётавы гарадок. На чатыры дні плошча ператварылася ў эпіцэнтр супраціву ўладам. Гэтая акцыя не была падрыхтаваная аб’яднанай апазіцыі. Яна стала стыхійнай праявай грамадскай пазіцыі тых, хто не пагадзіўся з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За ўдзел у акцыі сотні маладых людзей былі арыштаваныя на тэрмін ад 7 да 15 сутак. Рацыя вырашыла высветліць тое, як склаўся лёс некаторых з абаронцаў плошчы Каліноўскага.

 

Самым вядомым абаронцам намётавага гарадку быў Вячаслаў Сіўчык. Яго выкралі з плошчы за некалькі гадзінаў да таго, як гарадок быў знішчаны АМАПаўцамі. Потым быў шпіталь, дзе збітага Вячаслава Сіўчыка трымалі пад наглядам міліцыі. Уцёкі ва Украіну і вяртанне ў Мінск праз некалькі месяцаў. Новыя арышты. Але пра тыя халодныя дні спадар Сіўчык усё роўна ўзгадвае з цеплынёй:

- Мая пазіцыя наконт тых падзеяў не змянілася. Я лічу, што гэта сапраўды была вельмі важная з’ява – плошча Каліноўскага, якая праіснавала з 20 па 24 сакавіка. Гэта той маленькі востраў свабоды, той плацдарм, які дае надзею беларускай нацыі.

На думку Вячаслава Сіўчыка, пасля намётавага гарадку беларускае грамадства змянілася ў лепшы бок. Людзі на некаторы час адчулі, што калі яны аб’яднаюцца, то змогуць супрацьстаяць пануючаму рэжыму.

Для Змітра Дашкевіча два гады, што прайшлі пасля Кастрычніцкай плошчы, былі таксама вельмі насычанымі. Юнак паспеў адседзець больш за год за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Пасля турмы чытырохдзённае знаходжанне на плошчы яму падаецца лёгкай прагулкай:

- Не такія ўжо там былі і цяжкасці. У прынцыпе, любы прыхільнік дэмакратычнага руху праз гэтыя цяжкасці праходзіць вельмі часта. А ў тыя дні, два гады таму, мы маглі ў дадатак яшчэ бачыць канкрэтны вынік сваіх намаганняў, калі людзі прыходзілі, дзякавалі і казалі, што гэта сапраўды вельмі важна. І цяпер, азіраючыся на тыя мінулыя падзеі, можна з цвёрдасцю засведчыць, што гэта была адна з найважнейшых падзеяў у найноўшай гісторыі Беларусі.

 

Аднак большасць абаронцаў плошчы Каліноўскага ўсё ж вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі: шмат каго з іх звольнілі з працы, выключылі з універсітэтаў, а супраць некаторых нават былі ўзбуджаныя крымінальныя справы. Многія яшчэ не забыліся на гісторыю, якая адбылася з актывістам АГП Дзянісам Дзянісавым. Юнака абвінаваціцлі ў зрыве афіцыйных масавых мерапрыемстваў у Віцебску. 54 дні ён прасядзеў у СІЗА, а потым нечакана справа была закрытая “з-за адсутнасці складу злачынства”. Зараз Дзянісаў вучыцца ў Варшаве на палітолага-міжнародніка і марыць пра тое, што некалі вернецца на радзіму:

- Я спадзяюся, што вярнуся ў Беларусь. Але гэта адбудзецца, калі я адчую, што мае веды патрэбныя краіне, што я змагу тут рэалізавацца. Але ёсць варыянт, што я прыеду і мяне зробяць невыязным. Таму лічу, што працаваць на Беларусь можна, знаходзячыся ў любой іншай краіне.

Пра свой удзел у апазіцыйгым жыцці Дзяніс не шкадуе, але кажа, што зараз па іншаму глядзіць на магчымыя формы супраціву:

- Зараз я не схільны да тых актыўных дзеянняў, да якіх я схіляўся раней. Мне падаецца, што сітуацыя цяпер не патрабуе такіх экстрымальных захадаў. Я думаю, што і сталыя палітыкі гэта таксама добра разумеюць.

Таксама ў Варшаве зараз вучыцца Таццяна Дзядок. За ўдзел у абароне намётавага гарадку дзяўчыну выключылі з 4-га курсу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту. Гэта гісторыя ў свой час нарабіла шмат шуму. Цяпер Таццяна працягвае вучыцца на эканаміста. Тое, што прымала ўзел у руху супраціву, яна таксама не шкадуе:

- На плошчы я бараніла свае ідэалы, свае прынцыпы. А яны за гэты час не змяніліся. Акрамя таго, там я знайшла шмат новых сапраўдных сяброў.

Як і Дзяніс Дзянісаў, Таццяна Дзядок збіраецца пасля заканчэння навучэння вярнуцца ў Беларусь.

А вось Алесь Казакоў зможа гэта зрабіць толькі пасля таго, як супраць яго закрыюць крымінальную справу за палітычныя графіці, які юнак зрабіў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў:

- Пакуль існуе пагроза для маёй свабоды, я на Беларусь вяртацца не буду. Я бачу толькі два варыянты свайго вяртання на радзіму: альбо спыняць маю крымінальную справу, альбо зменіцца рэжым. Бо мая справа – палітычная.

Нашыя суразмоўцы кажуць, што абаронцы намётавага гарадку дагэтуль кантактуюць паміж сабою і ў замежжы. Але яшчэ прыемней ім было б, каб з’явілася магчымасць разам сабрацца ў Беларусі і ўспомініць падзеі двухгадовай даўніны.

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя