Час для з’яўлення ў эфіры тэлеканала “Першы” чарговага выкрывальніцкага сюжэту пра шпіёнаў быў выбраны вельмі ўдала. Дзяржаўныя прапагандысты не маглі не ведаць, што ў панядзелак амбасада ЗША і ўсе дзяржаўныя органы ў Вашынгтоне не працуюць. Амерыка адзначае другі дзень Вялікдня. Таму афіцыйнай рэакцыі на выкрыццё агентурнай сеткі не будзе як мінімум суткі.
Але ці была тая сетка ўвогуле? У сюжэце на “Першым” гаворыцца, што міліцыя затрымала каля 10 чалавек у кватэры ў доме №35 па вуліцы Кісілёва. Паведамлялася, што яны нібыта займаліся зборам інфармацыі для супрацоўніка амерыканскай амбасады Курта Фінлі, мелі тэлефоны, фота- і відэакамеры і нават біноклі. Усе супрацоўнікі - грамадзяне Беларусі.
Паводле беларускага дзяржаўнага тэлебачання яны перадавалі ФБР звесткі для выкарыстання іх супраць Беларусі. Аднак нічога не сказана пра тое, якія дакладна звесткі збіралі тыя людзі і якую шкоду маглі нанесці. Можна быць упэўненым у тым, што калі б беларускія спецслужбы сапраўды знайшлі небяспечную для нацыянальнай бяспекі шпіёнскую сетку, то гэта адразу было б выкарыстана ў інфармацыйнай вайне супраць ЗША. Палітолаг і аўтар сайту “Нашае меркаванне” Сяргей Панькоўскі ў гэтай сувязі мяркуе, што сюжэт на БТ быў папросту прыцягнуты за вушы:
- Калі гэтая група існавала, то гэта дзіўная неахайнасць з боку беларускіх органаў нацыянальнай бяспекі, якія доўгі час трывалі існаванне такой групы на тэрыторыі нашай краіны.
“Шпіёнскі” сюжэт на тэлеканале “Першы” пакідае больш пытанняў, чым дае адказаў. Журналісты БТ нагрозліва зачытвалі радкі з Крымінальнага кодэксу пра адказнасць за здраду дзяржаве. Аднак не паведамлялася, ці затрымалі тых дзесяць беларусаў, якія працавалі на амерыканскую амбасаду.
- Мы ж не ведаем, якая інфармацыя перадавалася. Можа гэта быў гурток філатэлістаў, можа яны туды проста газеты прыносілі, - кажа Сяргей Панькоўскі.
Увогуле ж, беларускія палітолагі зараз у роспачы. Інфармацыйная бомба нібыта выбухнула, але наступстваў гэтага выбуху не відаць. Нават такі зубр даследавання палітычнага закулісся, як Аляксандр Фядута пакуль нічога ўцямнага наконт новага вітку беларуска-амерыканскага канфлікта сказаць не можа:
- Пакуль што няма ніякай інфармацыі, акрамя таго, што перадалі па БТ. І нават з гэтай інфармацыі нічога не зразумела. Хто затрымаў? Каго затрымаў? За што затрымалі? Давайце трохі пачакаем.
Паводле беларускага заканадаўства і міжурадавых дамоўленасцяў, амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі мае права наймаць для працы беларускіх грамадзянаў. Напрыклад, у якасці ахоўнікаў. Але тыя дзесяць беларусаў былі затрыманыя ў прыватнай кватэры за тэрыторыяй амбасады. Ці былі яны нанятымі супрацоўнікамі - не зразумела. Аглядальнік газеты “Беларусы і Рынак” Аляксандр Алесін распавёў Рацыі, што ў міжнароднай практыцы ёсць выпадкі, калі, да прыкладу, ФБР легальна працуе на тэрыторыі іншых краінаў:
- У Расіі існуе пагадненне паміж ФБР і адпаведнымі расійскімі органамі. Там гэтае пытанне ўрэгуляванае. Наколькі я ведаю, у ЗША з Беларуссю такога пагаднення няма.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ад каментароў пакуль ухіляецца.
Аляксей МІНЧОНАК




