Затрыманы сёння ў часе ператрусу карэспандэнт Рацыі Ігар Олін, калі ў прыватнае памяшканне ўварваліся супрацоўнікі Камітэту дзяржбяспекі, знаходзіўся ў кватэры.
Вось што ён распавёў:
- Супрацоўнікі КДБ паказалі паперу пра тое, што тут будзе ператрус, затрымалі ўсіх прысутных, а пасля некалькі гадзінаў шукалі камп’ютэры, гуказапісвальную тэхніку - урэшце рэшт, усё гэта было канфіскавана. Была нам паказана пастанова – паводле следчых, ператрус праводзіўся па крымінальнай справе, узбуджанай па факце паклёпу на Аляксандра Лукашэнку недзе ў 2005 годзе. Гэта тая знакамітая справа, калі ў інтэрнэце з’явілася вельмі шмат мультыплікацыйных фільмаў, якія, на думку КДБ, відавочна абражалі годнасць кіраўніка дзяржавы.
Непасрэдна ў памяшканні “ператрусчыкаў” было пяцёра, пад канец пад’ехаў аўтамабіль, у які згрузілі ўсю тэхніку. Супрацоўнікі, якія ажыццяўлялі вобшук, пакінулі копію пратакола ператрусу, які адбываўся, а таксама паведамілі, што ўсе арыштаваныя рэчы будуць дададзеныя да крымінальнай справы, пасля разгляду якой будзе вырашаны іх далейшы лёс: або яны будуць вернутыя, або прызнаныя рэчавымі доказамі і пакінутыя ў архівах Камітэту. Безумоўна, на нашых камп’ютэрах ніякіх мультфільмаў няма, таму мне падаецца, што гэта чарговая спроба запалохвання. Мы бачым, што “ператрасаюць” усю краіну, у тым ліку ўстановы, якія не маюць аніякага дачынення да палітыкі, пераважна СМІ. Я лічу, што гэта выключна палітычная справа.
Сваю хроніку падзей прапаноўвае яшчэ адна наша затрыманая сёння калега – Юлія Коцкая:
- У 8:45 супрацоўнікі КДБ уварваліся ў кватэру, усім прысутным загадалі адкласці тэлефоны, павярнуцца тварам да сцяны, мне адразу паказалі пастанову на вобшук, агледзелі мяне – ці не маю пры сабе іншых сродкаў перадачы інфармацыі, самі ж яны былі са зброяй, дакладна не скажу, з якой, але візуальна падобнай да пісталетаў. Мне адразу прад’явілі павестку на допыт у КДБ у якасці сведкі, і адразу з кватэры павезлі для гэтага допыту па дадзенай крымінальнай справе. Безумоўна, пытанні тычыліся і супрацоўніцтва з Рацыяй, пыталіся, што гэта за кватэра, задавалі пытанні пра Аляксандра Мілінкевіча і іншых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, хаця ў пратаколе зафіксаваны толькі пытанні пра Мініча і Марозава (Алег Мініч і Павел Марозаў – адныя са стваральнікаў інтэрнэт-старонкі, дзе былі змешчаны мультфільмы, героі якіх нагадвалі Лукашэнку і яго асяроддзе). У КДБ мяне прывезлі ў 13:00, вышла я адтуль недзе праз паўтары гадзіны. Афіцыйных папярэджанняў я не атрымала, мне сказалі, што могуць тэлефанаваць, запрашаць на нейкія сустрэчы, ад чаго, безумоўна, я адмовілася, бо буду кантактаваць з Камітэтам дзяржбяспекі выключна афіцыйным чынам.




