Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей знаходзяцца з візітам у Францыі. Цягам свайго візіту Мілінкевіч правёў некалькі сустрэчаў з французкімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі ды журналістамі. 8 траўня Мілінкевіч і Кулей прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі ў Другой Сусветнай вайне. У інтэрв'ю Рацыі беларускі палітык распавёў пра мэты візіту і спадзяванні ад паездкі.
- Галоўная мэта гэтага візіту: актывізаваць пазіцыю Францыі і канкрэтызаваць дзейнасць Еўрасаюзу на Беларусі. Францыя з 1 ліпеня будзе прэзідэнцтваваць у ЕС і, безумоўна, ад актыўнасці гэтай краіны, ад яе пазіцыі, ад яе ініцыятывы многае будзе залежаць. Сёння ўсё ж такі актыўнасць Францыі абмяжоўваецца рэгіёнам Міжземнага мора і краінаў Магрыба, але традыцыйна Францыя адстойвала правы чалавека. У Францыі ёсць выдатныя традыцыі, менавіта пра гэта гаворыцца на сустрэчах тут. Я лічу, што вельмі важна, каб Еўрасаюз меў прапановы і для ўлады, і для грамадзянскай супольнасці на Беларусі. Для ўлады, нягледзячы на падзеі, якія адбыліся ў сакавіку, я лічу, усё роўна трэба працягваць дыялог. Але гэты дыялог на падставе 12-ці ўмоваў Еўракамісіі павінен быць вельмі моцна канкрэтызаваны. Я веру ў тое, што надзвычай важна сёння беларускае грамадства і нават уладу ўсё больш прыцягваць да супрацы з Еўропай. Перш за ўсё эканамічнага, бо сітуацыя ў гаспадарцы вельмі дрэнная, нягледзячы на прапагандысцкія размовы, і Беларусь можа чакаць за пару гадоў крызіс. Таму я лічу, што супрацоўніцтва з Захадам, гэта абарона перш за ўсё беларускай незалежнасці. А што тычыцца грамадзянскай супольнасці, то па-ранейшаму, на маю думку, трэба падтрымліваць незалежныя беларускія СМІ. Гэта існуючыя газеты, гэта малыя бюлетэньчыкі, Інтэрнэт. Гэта радыёстанцыі, якія працуюць з-за мяжы - Радыё Рацыя, Белсат і іншыя. І трэба выкарыстоўваць усе магчымасці. Трэба падтрымліваць грамадскія арганізацыі, бараніць рэпрэсаваных. Гэта прыкладны спектр размоваў, якія мы вядзем.
- Вы гаварылі пра патрэбы, пра тое, чаго чакае дэмакратычная грамадскасць Беларусі ад Захаду. Вы ўжо сустрэліся з міністрам замежных спраў Бернарам Кушнерам, з кім яшчэ Вы сустракаліся і плануеце сустрэцца падчас вашага візіту ў Францыю.
- У мяне была вельмі важная сустрэча ў Сенаце з адным з найбольш вядомых палітыкаў Францыі Жанам Перам Рафарэнам, гэты чалавек доўгі час быў прэм'ер-міністрам, гэта вельмі ўплывовая асоба. Ён кіруе Народнай партыяй у Францыі, якая пры ўладзе, і ён, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб вырашаць праблемы ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Вельмі ўважлівая размова была, і, думаю, ён будзе прыхільнікам большай актыўнасці Францыі на Усходзе. Акрамя таго, была арганізаваная канферэнцыя і дэбаты з маім удзелам у Каталіцкім Інстытуце ў Парыжы, на якой былі эксперты, дыпламаты, навукоўцы. І доўгая размова пра Беларусь з адказамі на пытанні. І гэта паказала, што вельмі вялікая цікавасць у Францыі да Беларусі.
Сёння Францыя святкуе перамогу над фашызмам, запланавана ўрачыстая цырымонія каля Трыўмфальнай аркі. Я маю гонар з маёй жонкай Інай Кулей быць запрошаным ва ўрадавую ложу на гэтую цырымонію.
- Якія водгукі, нейкія канкрэтныя абяцанні дапамагчы беларускай дэмакратычнай грамадскасці з боку французаў?
- На палітычных сустрэчах высокага ўзроўню канкрэтныя рэчы, хутчэй за ўсё, не абгаворваюцца. Прымаецца проста палітычнае рашэнне. А выкананне гэтых рашэнняў, гэта ўжо службы, гэта Міністэрства замежных спраў, гэта службы прэзідэнта, грамадскія арганізацыі і партыі, яны могуць вельмі многа зрабіць. Таму вельмі важна сканцэнтраваць увагу Францыі на праблемах Беларусі і Усходняй Еўропы. Я думаю, што калі гэта адбудзецца, то і канкрэтныя рашэнні будуць.
- Як паведаміла Ваша прэс-служба, сёння Еўракамісар па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер у лісце на Вашае імя выказала “глыбокае расчараванне” апошнімі падзеямі ў Беларусі, занепакоенасць працягам палітычна матываваных арыштаў і пераследу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
- Я, шчыра гаворачы, яшчэ яго не бачыў. Але лічу, што гэта вельмі важна, што ёсць аператыўная рэакцыя на тое, што адбываецца. Самае важнае для нас, каб была салідарнасць паміж краінамі Еўрасаюзу адносна Беларусі. Пакуль што ёсць з гэтым праблемы. Не ўсе аднолькава разумеюць. Пазіцыя ЗША таксама значна адрозніваецца. Я думаю, што гэта можа ёсць самае галоўнае — гарманізацыя высілкаў. І калі мы гэтага даможамся, эфект будзе значна большы.
Візіт Аляксандра Мілінкевіча ў Францыю завяршыцца 12 траўня.
Павел БУШКО




