10-05, 18:47

Галадамор - злачынства камуністычнага рэжыму

Галадамор на Беларусі – гэта генацыд, свядома і мэтанакіравана здзейснены камуністычным рэжымам у 30-х гадах ХХ стагоддзя. Такой з’яўляецца агульная выснова дыскусіі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “1929-1934: Сталінская “рэвалюцыя зверху” ці вынішчэнне сялянства і Галадамор на Беларусі”.

“Бальшавізм адчувальны і па сённяшнім часе”, і, дзякуючы яму, “Беларусь досыць моцна ізаляваная ў свеце, і з яе робяць чорную дзірку Еўропы”, - лічыць вядомы грамадскі дзеяч і палітык Вячаслаў Сіўчык.

Ад Галадамору пацярпелі многія былыя рэспублікі Савецкага Саюзу. Адна з іх – Украіна, дзе галоднай смерцю памерлі, паводле слоў украінскага гісторыка Рамана Кабачы, каля 6 мільёнаў чалавек. Дарэчы, калі ў Беларусі тэма Галадамору не асвятляецца ні ўладай, ні гісторыкамі, а замоўчваецца, як за савецкім часам, то на Украіне яна стала адным з найбольш набалелых пытанняў і набывае ўсё большае асвятленне.

- Тэма Галадамору на Украіне дапамагае гісторыкам раскрываць іншыя значныя праблемы, гаварыць больш адкрыта пра рэпрэсіі. Праўда пра Галадамор адкрывае шляхі да іншых праўд.

“Беларусі трэба больш пазіцыянаваць сябе ў Еўропе”, каб мець большыя магчымасці для асвятлення і раскрыцця сваіх праблем, лічыць беларускі гісторык Ірына Кашталян.

Злачынствы камуністычнага рэжыму, вынішчэнне нацыі шляхам рэпрэсіяў і генацыду пакуль яшчэ не атрымалі належнага раскрыцця, і невядомыя яшчэ дакладныя лічбы колькасці пацярпелых. Але ўхвальныя тыя крокі, што робяцца на шляху адкрыцця гістарычнай праўды і ўшанавання памяці ахвяраў генацыду.

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя