11 траўня з Акрэсціна выйшаў на волю адзін з лідэраў Еўрапейскай кааліцыі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч быў затрыманы падчас святкаванняў 1 траўня і асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту.

За некалькі хвілінаў да выхаду Статкевіча яго намеснік па партыі Алесь Арэстовіч распавёў Рацыі:
- Адбывалася афіцыйная акцыя, замоўленая Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, і сацыял-дэмакраты, як законапаслухмяныя грамадзяне краіны, прыйшлі на гэту акцыю. Але прыйшлі са сваімі лозунгамі, не з тымі, што Лукашэнка - цудоўны гаспадар і ўсе яго любяць. Мы лічым, што шлях Беларусі – гэта шлях у Еўропу. І нашы сябры паднялі сцягі Еўрасаюзу. Мікола Статкевіч, узяўшы мегафон, звярнуўся да народа. Літаральна праз секунд дваццаць яму заламалі рукі.

Аказаўшыся на волі, Мікола Стакевіч патлумачыў, што такая рэакцыя ўладаў – рэфлекторная:
- Улада баіцца падобных выпадкаў выступлення дэмакратычных актывістаў, якія выходзяць са сваёй сімволікай ў месцах, дзе яна збірае людзей. Мабыць, першай рэфлекторнай рэакцыяй было пахапаць людзей, а пасля, можа, падумалі. Але і надалей трэба працягваць падобныя акцыі, таму што зараз вельмі важна, каб еўрапейскія настроі значнай часткі беларускай грамадскасці былі, так бы мовіць, візуалізаваныя.

Мікола Статкевіч лічыць, што больш нікога з арыштаваных і адпушчаных падчас акцыі 1 траўня маладых людзей, у ліку якіх былі Зміцер Хведарук, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, у суд па павестках не будуць выклікаць, бо сімволіка, з якой яны прыйшлі, зарэгістраваная, акцыя санкцыянаваная, а дзеянні міліцыі незаконныя. Да таго ж, сам спадар Статкевіч не даваў судовых паказанняў, паводле якіх праваахоўныя органы спадзяваліся прыцягнуць астатніх.
Наталля ЯКАВЕНКА




