12-05, 11:38

БХК: Кардынальных зменаў не будзе

11 траўня адбыўся з’езд Беларускага Хельсінскага камітэту. Але на самым пачатку дэпутаты сутыкнуліся з праблемамі, паказальнымі для беларускай сістэмы дзяржаўнай выканаўчай улады.

З’езд меўся адбыцца раніцай у мінскай гасцёўні “Арбіта”, аднак за гадзіну да пачатку ў памяшканні было адмоўлена, як дагэтуль было адмоўлена ў гатэлі “Юбілейны”. Дэпутаты з’езду вымушаныя былі ехаць за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад горада ў вёску Забалаць, дзе знаходзіцца прыватны дом ужо былой старшыні БХК Таццяны Процькі.

Яшчэ за некалькі месяцаў да з’езду Процька заявіла самаадвод. Старшынём БХК абраны ранейшы выконваючы абавязкі старшыні Алег Гулак. Сваю пазіцыю новага кіраўніка БХК ён патлумачыў Рацыі наступным чынам:

- Кардынальных зменаў не будзе, бо сама па сабе арганізацыя застаецца той жа. Але мы намераны паглыбляць і пашыраць адукацыйную, маніторынгавую і аналітычную працу. Таксама сур’ёзна трэба будзе задумацца і заняцца арганізацыяй самой працы БХК. І мы адкрытыя да супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, гатовыя аказаць садзейнічанне дзяржаве ў справе дэмакратызацыі і абароны правоў чалавека.

Наталля ЯКАВЕНКА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя