14-05, 09:28

За канцэрт польскага гурта ў Гродне хочуць пакараць актывіста АГП

Вынікам учорашняга канцэрта польскага фолькгурта “Транскапэла” у Гродне стане адміністрацыйная адказнасць, да якой будзе прыцягнуты кіраўнік абласной суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін.

Супрацоўнік гродзенскай міліцыі маёр Пётр Ленец ўручыў Юрыю Істоміну позву, паводле якой ён павінен з’явіцца сёння ў Ленінскі раённы аддзел унутраных спраў дзеля складання пратакола аб парушэнні адміністрацыйнага кодэкса. Нягледзячы на тое, што канцэрт гурта “Транскапэла” быў арганізаваны Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне, абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства Юрыя Істоміна. Паводле дэмакратычнага актывіста, захады міліцыянтаў накіраваныя перш за ўсё на прыпыненне дзейнасці офіса партыі - адзінага месца ў горадзе, дзе магчыма ладзіць масавыя мерапрыемствы без дазволу ўладаў.

- Зразумела, што перад парламенцкімі выбарамі ўлады непакоіць тое, што некалькі сотняў людзей могуць сабрацца на офісе АГП, таму яны і прыкладаюць усе намаганні дзеля таго, каб нейкім чынам пазбавіць нашу арганізацыю памяшкання.

Артыкул “Арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства” прадугледжвае штраф у буйных памерах ці тэрмін адміністрацыйнага зняволення. Не выключана, што на Юрыя Істоміна будзе складзены пратакол аб парушэнні яшчэ аднаго артыкула адміністрацыйнага кодэкса - выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі. Падчас канцэрта гурта “Ломбард”, які адбыўся 2 траўня Юры Істомін размахваў бел-чырвона-белым сцягам, у сувязі з чым супрацоўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў безвынікова запрашалі яго на размову.


 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя