14-05, 09:33

Пазьняк стварае “Антыжадобінскі спіс”

Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк напісаў ліст да фронтаўцаў і беларускіх адраджэнцаў. Ён называецца “Некалькі тэзісаў пра агульныя справы”.

Сярод іншага Пазьняк раскрытыкаваў “Чарнобыльскі шлях-2008”.

“Ва ўсіх праблемах змагання, нацыянальнага развіцця і трагедыі Беларусі галоўным пытаннем і галоўнай каштоўнасцю ёсць мова. Пакуль будзе гучэць беларуская мова, датуль будзе барацьба за нацыянальнае існаванне і будзе беларуская палітыка”, - піша палітык. На яго думку, “сёлетні “Чарнобыльскі шлях”, напрыклад (ініцыяваны рознымі грамадскімі групамі разам з псеўдаапазіцыяй), упершыню знешне характарызаваўся амаль выключна рускімі лозунгамі, морам стракатых маргінальных сцягоў і затрачанасцю беларускай нацыянальнай сімволікі (той, што пераследуецца рэжымам, якая яднае, павінна быць і злучаць усіх). Не было нават чорных стужак на сцягах. Гэта рысы, што сведчаць пра змест. А змест уяўляе сумбурнае галаслівае шэсце неарганізаваных людзей шмат дзе з вясёлымі тварамі, усмешкамі, гаварэннем, часта з неадэкватнымі тэматыцы выкрыкамі і паводзінамі. Зьмест і атмасфэра (тое, што было знешне відавочным) вынікалі з сутнасці – духоўнага перараджэння з’явы, якая, відаць, перайшла ўжо парогавую мяжу. Неадэкватнасць і дэзарганізацыя сабраных людзей тлумачыцца, магчыма, перавагай у шэсці маладзёвага асяроддзя, якое ў масе (у вялікай колькасці) дрэнна кіруемае. Але русіфікацыя “Чарнобыльскага шляху” (сакральнай падзеі, дарэчы) – нядобры сімптом”.

Дасталося і лідэру “Маладога фронту” Зміцеру Дашкевічу, які нядаўна выступіў за будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Пазьняк піша, што многія ў нашай краіне “не ў стане зразумець элементарных рэчаў у расійска-беларускім канфлікце і наіўна думаюць, як той беларускі маладзён (з дакладнасцю наадварот), які на пытанне пра пабудову АЭС у Беларусі адказвае ў стылі Лукашэнкі, што гэта “стратэгічны прыярытэт Беларусі” (хоць гэта якраз ёсць стратэгічны прыярытэт Расіі,і расійцы адкрыта пра гэта кажуць)”.

Лідэр КХП-БНФ прапанаваў стварыць “Антыжадобінскі спіс”: “Перад пагрозай чарговага вынішчэння беларускай эліты “Жадобінскі спіс”) беларусы мусяць пачаць актыўныя захады да самаабароны. (“Жадобінскі спіс”, дарэчы, ужо прыняты рэжымам да распрацоўкі. Нядаўні так званы працэс 14-ці гэтаму пацвярджэнне). Беларуская тактыка павінна быць наступальнай. Неабходна супольна прыступіць да складання “антыжадобінскага спісу”. (А то Лубянка ўжо занадта далёка заехала.)”

У бліжэйшы час, паведаміў Пазьняк, “беларусамі за мяжой будзе створаная інтэрнет-старонка (умоўна назавём яе “ікс”). Беларусы з Бацькаўшчыны атрымаюць магчымасць прыслаць на старонку прозвішчы кандыдатаў у антыжадобінскі спіс. Першым у спісе будзе стаяць генерал Жадобін. Месца яму гарантаванае. Што датычыць усіх астатніх, то ўнясенне ў спіс будзе вымагаць ад карэспандэнтаў даслання асноўных дадзеных пра асобу (год нараджэння, званне, пасада, грамадзянства і нацыянальнасць) і абавязкова прывядзенне фактаў, выказванняў, цытатаў, сведчанняў, якія пацвярджаюць ягоныя антызаконныя, антыпраўныя і антыбеларускія дзеянні і пазіцыю. Сведчанні павінны быць задакументаваныя ці пацверджаныя некалькімі сведкамі. Пажадана прысылаць фатаграфіі парушальнікаў. Факты, прысланыя на кожнага злоснага рэжымнага парушальніка закону і правоў беларусаў, будуць спачатку правярацца і ўдакладняцца, а потым ўносіцца ў спіс. Дзеля гэтага будзе створаная рэдкалегія і існаваць прававая экспертыза інтэрнет-старонкі, якая зоймецца антыжадобінскім спісам. Гэты спіс будзе адчынены для публічнага азнаямлення. Ён павінен дапамагчы Беларускай дэмакратычнай Фемідзе (якая вернецца) і беларускай барацьбе прымаць правільныя і справядлівыя рашэнні”.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя