14-05, 17:13

Намесніка С.Шушкевіча вінавацяць ва ўдзеле ў канцэрце гурта “Ломбард”

Cёння за ўдзел у канцэрце польскага гурта “Ломбард”, які адбыўся ў Гродне 2 траўня, супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на намесніка старшыні партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада", праваабаронцу Віктара Сазонава.

Маёр міліцыі Пётр Ленец, які складаў пратакол, палічыў, што Віктар Сазонаў парушыў беларускае заканадаўства тым, што прыйшоў паслухаць легендарны польскі гурт “Ломбард”, канцэрт якога адбыўся у Гродне ў межах святкавання Дня Палоніі.

Паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэкса, Віктара Сазонава чакае штраф у памеры да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. На яго думку, захады міліцыянтаў звязаныя са страхам уладаў перад магчымасцю людзей зразумець каштоўнасці еўрапейскай культуры і стаць іх часткай.

- Няма сумневу ў тым, што Беларусь стане часткай аб’яднанай Еўропы, у сувязі з чым сённяшнія ўлады вельмі напалоханыя зацікаўленасцю людзей да заходняй культуры. А калі ўлічыць, што падчас канцэрта ў паветры луналі нацыянальныя сцягі Польшчы і Еўрасаюзу побач з нашымі бел-чырвона-белымі сцягамі, усё становіцца зразумелым, - кажа Віктар Сазонаў.

За арганізацыю і ўдзел у канцэрце гурта “Ломбард” у Гродне, акрамя Віктара Сазонава, да адміністрацыйнай адказнасці бліжэйшым часам будуць прыцягнутыя кіраўнік непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і старшыня абласной суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін, на якіх супрацоўнікі міліцыі ўжо склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя