У трынаццатую гадавіну рэферэндума 1995 года, па выніках якога былі скасаваныя нацыянальныя сімвалы, на гродзенскіх вуліцах з'явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Ініцыятарам акцыі выступіў гродзенскі “Малады Фронт”.

Сябры гродзенскай суполкі “Маладога фронту” вывесілі нацыянальныя сцягі і бел-чырвона-белыя стужкі на вуліцах горада, у грамадскіх месцах, скверах і парках.

На думку актывісткі арганізацыі Хрысціны Марчук, гэтыя дзеянні варта разглядаць як акцыю пратэсту і нязгоды з вынікамі рэферэндума 1995 года.
- На шчасце, у Гродне ёсць людзі, якія захавалі ў сэрцах любоў да нацыянальных сімвалаў беларусаў, якімі з’яўляюцца бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.Ёсць моладзь, якая нязгодная з палітыкай дзяржавы і якую не купіш нікому не патрэбнымі ідэаламі.

13 гадоў таму, 14 траўня 1995 году, быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся пытанні аб скасаванні бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў, адмене статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а таксама аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.




