15-05, 01:28

АДС супраць байкоту

Лідэры суб’ектаў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў выказваюцца супраць байкоту парламенцкіх выбараў, за які выступаюць шэраг іншых апазіцыйных структур – прыкладам, “Малады фронт” і КХП-БНФ.

- Менавіта год таму была дыскусія па гэтаму пытанню, былі розныя падыходы. Але калі паклалі ўсе аргументы на шалі, то высветлілася, што ўсё ж такі больш аргументаў за тое, каб удзельнічаць у той кампаніі, каб выкарыстаць яе мажлівасці для камунікацыяў з людзьмі. Але пры гэтым не варта забывацца на тое, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пакінулі за сабой права зняць сваіх кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання, - лічыць, як паведамляе Інфармацыйны цэнтр АДС, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле палітыка, тыя, хто заклікае да байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў, не могуць зразумець адну простую рэч – “ва ўмовах інфармацыйнай блакады заклік не ісці галасаваць не будзе пачуты большасцю выбаршчыкаў”. Акрамя таго, як адзначыў Лябедзька, сітуацыя 2008 году прынцыпова адрозніваецца ад 2000-га, калі апазіцыя байкатавала парламенцкія выбары:

- Тая кампанія была досыць паспяховай і шмат у якіх акругах выбары не адбыліся. Таму ўлады былі вымушаныя займацца прыпіскамі. Зараз жа галасы ніхто не лічыць. І калі апазіцыя адмовіцца ад удзелу ў выбарах, улады ёй будуць толькі ўдзячны, бо не трэба будзе нічога фальсіфікаваць.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін кажа, што “людзі, якія заяўляюць пра байкот, нічога з сябе не ўяўляюць як палітычныя сілы ў Беларусі, нічога іншага не могуць, не ўмеюць і не робяць”:

- Яны не могуць браць удзел у выбарах, у іх на гэта няма ні магчымасцяў, ні сродкаў. Таму яны кажуць пра байкот, які проста будзе іх сыходам на гэты перыяд з палітычный арэны, - даводзіць лідэр апазіцыйных камуністаў.

На думку першага намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча, байкот выбараў у Беларусі здзейсніць немагчыма.

Байкот магчымы толькі тады, лічыць ён, калі ў дэмакратычных сіл Беларусі будзе “моцны рэсурс, і людскі, і іншы”. Што трэба разумець пад байкотам?

- Калі разумець тое, што я не пайду на выбары, а пасяджу на канапе, пап’ю каву і паабураюся тым, што ў нас няма выбарчай кампаніі, то гэта не байкот. А рэальны байкот – калі большасць свядома не ідзе на выбары, - кажа Анатоль Ляўковіч, - калі на выбарчыя ўчасткі не прыходзіць больш за палову насельніцтва. 

Ці магчыма гэта ў нашай краіне? На думку палітыка, немагчыма. Пры той палітычнай сітуацыі, што ёсць на сённяшні дзень у Беларусі, байкатаванне выбараў не адбудзецца.

- Трэба быць адэкватнымі палітыкамі. Ставіць перад сабой мэты і задачы, якія нельга выканаць, - гэта заведама пройгрышная пазіцыя. Таму заклікі да байкатавання выбараў я разглядаю як правакацыю, - тлумачыць сваю пазіцыю Анатоль Ляўковіч.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя