30-06, 16:19

Палітычны прызыў працягваецца.

Ваенкаматы працягваюць забіраць у войска грамадскіх актывістаў. Іх справы знаходзяцца пад асабістым наглядам вайсковых камісараў.

“Апазіцыйныя прызыўнікі” не могуць выехаць за мяжу, прынамсі Франака Вячорку знялі з аўтобуса Мінск – Вільнюс. Навінка гэтага сезону: дзеля перавыхавання актывістаў накіроўваюць у часткі ўнутраных войскаў ці СОБРу. Прызыўнікі заяўляюць: мітынгі разганяць не будзем!

У лістападзе мінулага году сямнаццаці гадовы грамадскі актывіст з Мазыру Фёдар Чаранкоў быў адным з ініцыятараў правядзення ў горадзе пікету супраць адмены сацыяльных льгот. Пасля гэтага яго выключылі з універсітэту. Сёння палову дня Фёдар Чаранкоў правёў у ваенкамаце. Там да асобы Фёдара была надзвычай пільная ўвага з боку камісара.

- Сёння ў ваенкамат прыйшло шмат чалавек. Усе сядзелі ў актавай залі, там з імі размаўляў ваенкам. А ён дадаткова сказаў, каб я зайшоў да яго ў кабінет. У кабінеце ён паведаміў, што я не маю права на адтэрміноўку, бо скончыў школу ў 17 год, а не ў 18.

У ваенкамаце Фёдару Чаранкову паведамілі, што служыць ён будзе ў сумнавядомай часці СОБРу камандаваннем Дзмітрыя Паўлючэнкі.

“Як ставіцеся да такой перспектывы?”, - пытаем мы Фёдара.

- Кепска стаўлюся! Але мне наабяцалі, што я буду кухарам. Не вядома, што будзе на сам рэч.

Хутка на службу ў войска адправіцца і яшчэ адзін грамадскі актывіст, сябра Моладзі БНФ Юрась Дзешук. Прызыўная камісія ўжо прызнала яго годным. Паслязаўтра Юрась будзе дакладна ведаць нумар часці, дзе яму нележыць прайсці службу. Папярэдне хлопца абяцалі размеркаваць ва ўнутраныя войскі. Для Дзешука даволі няпростым з’яўляецца пытанне пра тое, што ён будзе рабіць, калі камандзіры загадаюць разганяць мірную дэманстрацыю.

- Я нават не ведаю, гэта складанае пытанне. Чуў, што салдатаў гэтых часцей ставяць проста на ўзмацненне, а разганяюць часці, якія знаходзяцца ва Ўруччы. Салдаты той часткі, куды мяне адпраўляюць, проста сядзяць у аўтобусах да пэўнага часу, пакуль не здарыцца крытычная сітуацыя.

А вось Фёдар Чарнакоў на пытанне пра свае дзеянні ў выпадку атрымання прыказу на разгон апазіцыйнага мітынгу адказвае пэўна.

“Разганяць ня буду!”, кажа Фёдар.

- Трэба яшчэ туды трапіць! Але наўрадці я буду рабіць нешта супраць.
- Разганяць не будзеце?
- Так.


Шансы трапіць у войска застаюцца ў кіраўніка культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франака Вячоркі. Учора ён меў размову з сваім паплечнікам Змітром Жалезнічэнкам, які цяпер служыць у транспартных войсках. Зміцер паведаміў Франаку, што, магчыма, яны будуць несці службу разам.

- Да яго падыходзіў начальнік вайсковай часці і запытваўся, ці ён ведае Вячорку Францішака. Жалезнічэнка сказаў, што ведае. Тады начальнік сказаў: “Яго накіроўваюць да нас”. На гэта Жалезнічэнка вельмі здзівіўся.

Здзіўляцца Змітру Жалізнічэнку было з чаго. Нядаўна Франаку Вячорку прадаставілі адтэрміноўку ад службы на паўгады. Тым не меней, пытанне пра войска застаецца адкрытым. У суботу Вячорку не выпусцілі з Беларусі. Ён патрапіў у спіс невыяздных.

- Я кіраваўся ў Вільнюс. Мяне папрасілі трохкі пачакаць. Прыйшоў начальнік памежнага пераходу і паведаміў, што я знаходжуся ў спісе невыяздных. Я запытаўся, ці гэта праз ваенкамат. Ён скзазаў, што магчыма, праз ваенкамат. Але дакладных звестак у іх няма.


Выявілася, што адтэрміноўку Франаку Вячорку яшчэ канчаткова не зацвердзіла абласная прызыўная камісія. Да гэтага часу ён будзе знаходзіцца ў ліку невыяздных.

Аляксей МІНЧОНАК

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя