Нягледзячы на абяцанне Аляксандра Лукашэнкі правесці выбары ў Палату прадстаўнікоў у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, дзеянні ўладаў сведчаць пра адваротнае. Толькі за тыдзень ад іх ціску пацярпелі каля дзясятку незалежных назіральнікаў і некалькі кандыдатаў у дэпутаты, якія балатуюцца ў парламент па спісу Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Лідэры апазіцыі упэўненыя, што гэта толькі пачатак палітычных рэпрэсіяў, бо сама палітычная кампанія яшчэ не паспела разгарнуцца.
Вечарам у аўторак стала вядома, што ў Кобрыне звольнены з працы патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ад АДС, сябар Партыі БНФ Аляксандр Мех. 14 гадоў ён адпрацаваў інжэнерам у мясцовым Упраўленні магістральных газаправодаў ТАА “Белтрангаз”. Меў шмат падзякаў. Але ўсё змянілася пасля таго, як кіраўніцтва упраўлення дазналася пра яго намер балатавацца ў парламент ад адзінага спісу АДС. Што адбылося далей распавядае сам Аляксандр Мех:
- Я адразу быў выкліканы да начальніка кобрынскага упраўлення магістральных трубаправодаў. Калі я туды зайшоў, то ўбачыў там незнаёмага чалавека, які назваў сабе кіраўніком мясцовага упраўлення КДБ. Размова ішла наконт выбараў. І яны Уладзімір Галашка – гэта кіраўнік прадпрыемства – заявіў, што, калі я не здыму сваю кандыдатуру, то са мной далей не будзе працягнуты кантракт. І азнаёмілі мяне з паведамленнем аб звальненні.
Зараз рэпрэсіямі пагражаюць і жонцы Аляксандра Меха ды астатнім сваякам. Аднак актывіст не губляе настрою. Кажа, што адчувае падтрымку з боку сваіх былых калег па працы і вельмі ўдзячны ім за гэта:
- Мой непасрэдны кіраўнік службы, дзе я працаваў, быў вельмі здзіўлены тым, што мяне звальняюць. І накіраваў некалькі хадальніцтваў да кіраўніцтва, у тым ліку і да кіраўніцтва ТАА “Белтрансгаз” у Мінск, дзе прапаноўвае, каб са мною быў працягнуты кантракт. Таксама і мае калегі па працы накіравалі да кіраўніка прадпрыемства калектыўны ліст з патрабаваннем, каб са мной быў працягнуты кантракт. Я лічу, што гэта грамадзянскія ўчынкі.
Аляксандр Мех кажа, што не збіраеца здымаць сваю кандыдатуру з выбараў, хоць мясцовыя ўлады і папярэдзілі яго, што працы сабе ён у Кобрынскім раёне ўжо ніколі не знойдзе.
Тым часам, у Гомельскай вобласці ўлады вырашылі падыйсці да кандыатаў ад АДС з іншага боку і запатрабавалі ад некаторых з іх падатковыя дэкларацыі аб прыбытках за 2007 год і дэкларацыі аб маёмасці. Адным з іх стаў сябар АГП Мікалай Гаўрыленка з Лельчыцаў. Запаўнення дэклярацыяў запатрабавалі таксама ад жонкі, маці і цешчы. Прычым, 70-гадовая цешча, якой з-за хворых ног цяжка схадзіць нават у краму па хлеб, падазраецца ва ўтойванні даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці.
Акрамя актывістаў АДС пад палітычныя рэпрэсіі ўжо патрапілі і некаторыя незалежныя назіральнікі. Паводле старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, за тыдзень 6 сябраў арганізацыі былі выкліканыя ў падатковыя інспекцыі, а аднаго Эдуарда Баланчука – пасадзілі на 10 сутак за лаянку:
- Прычым, сведкамі гэтай сітуацыі былі больш пяці чалавек, і ніхто з іх не падцвердзіў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў з боку назіральніка.
Пры гэтым Алег Гулак падкрэслівае, што БХК не збіраецца лаваць нейкія палітычныя адзнакі парламенцкім выьарам, а толькі адсочвае ходу кампаніі з пункту гледжання адпаведнасці дзейснаму заканадаўству. Аднак замест таго, каб выконваць загад Лукашэнкі і праводзіць сумленныя выбары, некаторыя дзяржаўныя структуры пачалі паляванне на ўзельнікаў выбарчага працэсу.
Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны адбыцца 28 верасня.
Кастусь ВАНСЯЦКІ, РАДЫЁ РАЦЫЯ







Каментары