Больш за 40 кандыдытаў у склад акруговых выбарчых камісій вылучыла Партыя БНФ. Гэтае пытанне было разгледжанае падчас паседжання Сойму партыі, які адбыўся 3 ліпеня. Такім чынам агульная колькасць прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл, якія вылучаныя ў акруговыя камісіі, перасягнула абяцаныя 110 чалавек.
Пытанне аб вылучэнні кандыдатаў у склад акруговых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў было адзіным, якое разгледзіў 3 ліпеня Сойм партыі БНФ. Аднак галоўнай інтрыгай паседжання стала прапанова намесніка старшыні партыі Юрася Губарэвіча, каб дадаткова ўнесці ў парадак дня пытанне пра скліканне прадстаўнічага пазачарговага з’езду партыі. На ім прапанавалася узняць пытанне аб даверу дзейснаму кіраўніцтву БНФ. Прычынай незадавальнення некаторых партыйцаў дзейнасцю кіраўніцтва стала выключэнне з шэрагаў Партыі БНФ былога намесніка Алеся Міхалевіча. Вось што пра гэта гаворыць Юрась Губарэвіч:
-Нашыя рэгіянальныя рады звяртаюцца і да Сойма, і да кіраўніцтва Партыі БНФ з патрабаваннем аднаўлення Алеся Міхалевіча ў партыі, а таксама на пасадзе намесніка старшыні. На маю думку, такая сітуацыя, калі рашэнне, якое было фактычна праціснутае сённяшнім кіраўніцтвам партыі праз Сойм, не знаходзіць паразумення ў шэраговых сяброў партыі, у рэгіянальных арганізацый, такая сітуацыя сведчыць, што ёсць недавер да кіраўніцтва партыі, да прымаемых ім рашэнняў. І лепшае выйсце з гэтай сітуацыі – гэта ўзняць пытанне пра давер кіраўніцтву на пазачарговым з’ездзе партыі, які прызначаны на жнівень.
Дарэчы, сам Алесь Міхалевіч таксама прысутнічаў на з’ездзе. І нават, пазабыўшыся пра свае выключэнне, намагаўся некалькі разоў прыняць удзел у галасаванні. Аднак у апошні момант апускаў руку. Пра свае адчуванні ён распавёў Рацыі:
- Я першы раз сёння прымаў удзел у паседжанні Сойму ў новай для сабе функцыі – не сябра Партыі БНФ, хоць і застаўся намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэнне”. Ну і, шчыра кажучы, нічога не змянілася з мінулага паседжання: такія ж самыя паводзіны вядучага...Фактычна ўсё тое самае.
Але ў выніку большасць сябраў Сойму не падтрымала ініцыятыву Юрася Губарэвіча, спаслаўшыся на тое, што гэта не было запланавана сцэнаром правядзення мерапрыемства. На думку першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, гэтая прапанова шкодная для партыі і была абвешчана ў вельмі нязручны момант – падчас выбарчай кампаніі:
-Калі б удалося сённяшняму Сойму навязаць дыскусію па гэтым пытанні, то мы б не прынялі ніякіх рашэнняў. Гэта ёсць кірунак на зрыў. Хачу сказаць, што ўсе рэплікі спадара Губарэвіча не датычылі ні ў якай ступені ніякай выбарчай кампаніі і ніякіх вельмі цяжкіх арганізацыйна-палітычных момантаў, звязаных з ёй. Відавочна, што яго цікавіць нешта іншае, а нас цікавіць праца.
Што тычыцца непасрэдных вынікаў Сойму, то яго сябры ўхвалілі спіс з больш 40 кандыдатур, чые дакументы будуць пасля выходных перададзеныя ў акружныя выбарчыя камісіі для ўключэння ў іх склад. Акрамя таго, падчас паседжання быў скарэктаваны спіс актывістаў Партыі БНФ, якія будуць балатавацца ў Палату прадстаўнікоў ад АДС.
Наступны Сойм партыі павінен адбыцца 17 ліпеня. Не выключана, што пытанне пра аднаўлене Алеся Міхалевіча на ім будзе ўзнятае зноў.
Кастусь ВАНСЯЦКІ, РАДЫЁ РАЦЫЯ, МІНСК






